- Казя! Лёня! - гукнула ў гэты момант Зося, аднекуль з боку парку.

Мы ўсхапiлiся, Лёня i сапраўды была перапалохана.

- Усё раскрыецца! - сказала яна. - Ох, гэтая аса!.. А горш за ўсё тое, што ты самлеў...

- Нiчога не раскрыецца, - энергiчна адказаў я. - Я анiчога не скажу.

- I я таксама. Не скажаш нават, што ты самлеў?..

- Не скажу.

- Ну, ну! - здзiвiлася Лёня. - Бо я, каб самлела, не змагла б вытрымаць...

- Казя! Лёня! - гукала сястра, ужо зусiм недалёка ад нас.

- Казя! - шапнула Лёня, палажыўшы палец на вуснах.

- Нiчога не бойся.

Зашамацелi кусты, i паказалася Зося ў фартушку.

- Дзе ж ты была, Зося? - спыталiся мы абое разам.

- Хадзiла па фартушок для сябе i для цябе, Лёня. На вазьмi, бо ажыны забрудзяць.

- Што, трэба ўжо iсцi дахаты?

- Няма чаго, - адказала Зося. - У мамы сядзiць той пан, а панна Клеменцiна i не думае выходзiць з альтанкi. Можам сядзець тут хоць да вечара. Ды я ўжо буду рваць ажыны, бо вы тут наелiся больш за мяне.

Яны пачалi абедзве рваць, i мне таксама зноў захацелася ягад.

Заўважыўшы, што я адыходжуся, Лёня гукнула мне ўслед:

- Казя, ты ведаеш, пра што я думаю!..

I пагразiла мне пальцам.

У гэты момант я прысягнуў сам сабе, ужо немаведама каторы раз, што нiкому не скажу пра тое, што самлеў, i пра тую муху. Аднак, адышоўшыся некалькi крокаў, я пачуў Лёнiн голас:

- Каб ты, Зося, ведала, што тут рабiлася!.. Аднак я не магу табе анiчога сказаць. Але ж, каб ты паабяцала мне, што анiкому...

Я ўцёк як найдалей у гушчар, адчуваючы сорам. А можа, Зося...

У тых няшчасных ажынах мы пабылi яшчэ з гадзiну. Калi ж вярталiся адтуль дахаты, я заўважыў вялiкую змену сiтуацыi. Зося глядзела на мяне з жахам i цiкаўнасцю, Лёня зусiм не глядзела, а я быў такi збянтэжаны, нiбы зрабiў якое-небудзь злачынства.



44 из 50