О, лес - гэта ўсё-такi небяспечнае месца! Там кожная птушка шпiёнiць, куды ты iдзеш, кожнае зеллейка намагаецца заблытаць твае ногi, а як не можа, дык хоць шамаценнем даносiць пра цябе iншым. Так яму, лесу, любы чалавечы твар, што, убачыўшы яго, - кiдаецца на ўсё, абы толькi затрымаць тут чалавека назаўсёды.

Сонца ўжо хiлiлася на захад, калi я выйшаў у поле. А неўзабаве сустрэўся з Валекам. Ён хутка iшоў у бок лесу, падпiраючыся доўгiм кiем.

- Куды ты? - спытаўся я.

Ён не ўцякаў ад мяне. Спынiўся i, паказаўшы жоўтай ручкай на лес, цiха сказаў:

- Далёка!..

- Хутка ноч будзе, вяртайся дахаты.

- Але ж матуля хочуць мяне страшэнна адлупцаваць...

- Хадзем са мной, дык не адлупцуе.

- Ой, адлупцуе!..

- Хадзем, будзеш бачыць, што нiчога не зробiць, - сказаў я, падышоўшы да яго.

Хлопец адступiўся, але не ўцякаў; мне здалося, што ён вагаецца.

- Ну, хадзем...

- Але ж баюся...

Я зноў наблiзiўся, а ён - адступiўся. Гэтае ваганне ды адступанне раздражнiла мяне. Там Лёня ягад чакае, а ён таргуецца са мной?.. Няма ў мяне часу на гэта.

Я хутка пайшоў у бок маёнтка. Засталася ўжо, мусiць, палавiна дарогi дахаты, калi я азiрнуўся i ўбачыў Валека на ўзгорку каля лесу. Ён стаяў са сваiм кiем у руцэ i глядзеў на мяне. Кашуля яго развявалася на ветры, а падзёрты капялюш блiшчаў ад нiзкага сонца, нiбы агнiсты вянок.

Штосьцi кранула мяне. Я прыгадаў, як парабкi падгаворвалi яго, каб узяў кiй ды iшоў у свет. Няўжо ж ён так i зрабiў?.. Не, не такi ўжо ён дурань. Зрэшты, няма мне калi вяртацца да яго, бо чарнiцы падушацца, а там Лёня чакае...

Лётам прыбег я дахаты, каб перасыпаць ягады ў кошычак. На парозе Зося павiтала мяне - горкiм плачам...



47 из 50