- Што з табой?..

- Бяда, - шапнула сястра. - Усё выйшла наверх... Панi звольнiла тату...

- Зося, што ты гаворыш?.. Што з табой?..

- Праўду я гавару. Татка ўжо звольнены. Лёня па сакрэту сказала гувернантцы пра тую асу, а гувернантка - сказала панi... Калi тата прыйшоў у палац, панi загадала, каб ён неадкладна завёз цябе ў Седльцы. Але татка сказаў, што мы паедзем усе разам...

Зося страшэнна расплакалася.

У гэты момант я заўважыў бацьку на двары. Пабег насустрач яму i задыхана кiнуўся да ног.

- Татка, родненькi мой, што ж я нарабiў! - шаптаў я, абнiмаючы яго за каленi.

Бацька падняў мяне, пакiваў галавой:

- Дурны ты. Iдзi дахаты.

А потым сказаў, як быццам сам сабе:

- Тут iншы майстар ёсць, якi нас адгэтуль выганяе, думаючы, што стары ўпаўнаважаны не дазволiў бы яму прайграць маёнтак сiраты. I мае рацыю!

Я здагадаўся, што ён гаворыць пра жанiха нашай панi. На сэрцы ў мяне палягчэла. Пацалаваў бацькаву шорсткую руку i сказаў трохi смялей:

- Бачыце, татка, мы ў ажынах былi... Лёню ўкусiла аса...

- Сам ты дурны, як аса. Не братайся з панянятамi, дык i не будзеш паляваць на восаў i не сапсуеш портак у сажалцы. Iдзi дахаты i не вылазь мне за парог, пакуль усе адгэтуль не выедуць.

- Яны выязджаюць? - ледзь прашаптаў я.

- Едуць днямi ў Варшаву, а вернуцца, калi нас тут ужо не будзе.

Вечар прайшоў сумна. На вячэру былi выдатныя клёцкi з малаком, але нiхто з нас не еў iх. Зося выцiрала чырвоныя вочы, а я строiў адчайныя планы.

Перад сном я цiха зайшоў у сястрын пакой.

- Зося, - сказаў рашуча, - я... павiнен ажанiцца з Лёняй!..

Яна зiрнула на мяне спалохана.

- Калi? - спыталася.

- Усё роўна.

- Але ж цяпер ксёндз-пробашч не павянчае вас, а потым яна будзе ў Варшаве, а ты ў Седльцах... Зрэшты, што тут сказаў бы татка, панi?..



48 из 50