- I днююць i начуюць у барах, - уставiў Джоўд.

- Прыпынкi мы, вядома, робiм, але не дзеля таго, каб есцi. Нам есцi рэдка калi хочацца. Едзеш-едзеш - абрыдне дарэшты. Спыняцца можна толькi каля бараў, а раз ужо спынiўся, дык трэба што-небудзь заказаць. Пачэшаш язык з дзяўчынай за стойкай, папросiш кубак кавы, пiрага кавалак. Трохi адпачнеш. - Шафёр паволi жаваў гумку, падпраўляючы яе языком.

- Цяжка вам даводзiцца, - абыякава прамовiў Джоўд.

Шафёр падазрона зiрнуў на пасажыра - у яго словах яму пачулася насмешка.

- Вядома, нялёгка, - раздражнёна сказаў ён. - Здаецца, што тут такога: адседзеў за абаранкам свае восем, дзесяць цi чатырнаццаць гадзiн у дзень - i ўсё. Але дарога табе ў душу ўядаецца. Даводзiцца нешта рабiць. Хто спявае, хто насвiствае. Радыёпрыёмнiкi ставiць кампанiя не дазваляе. Некаторыя бяруць з сабой бутэльку, але гэты сорт людзей у нас доўга не трымаецца. - Крыху фанабэрлiва ён дадаў: - Я ў дарозе нiколi не п'ю.

- Нiколi? - перапытаў Джоўд.

- Нiколi! Трэба ў людзi выбiцца. Задумаў я паступiць на завочныя курсы. Механiкам буду. Справа няцяжкая. Сядзi сабе дома ды вучыся, урокi лёгкiя. Я гэта сур'ёзна надумаў. Тады ўжо не буду вадзiць грузавiкi. Няхай iх хто iншы водзiць.

Джоўд дастаў з бакавой кiшэнi пляшку вiскi.

- Можа, глынеш, хочацца ж? - падражнiў шафёра Джоўд.

- Не, слова даў. I не дакрануся. Што-небудзь адно: альбо пiць, альбо вучыцца.

Джоўд адкруцiў каўпачок, два разы пацягнуў з рыльца, зноў закрыў бутэльку i засунуў яе ў кiшэню. Па кабiне разлiўся моцны i рэзкi пах вiскi.

- Ты ўвесь нейкi ўзбуджаны, - сказаў Джоўд. - Што з табой - дзяўчыну завёў?

- Гэта само сабой. Але галоўнае - трэба ў людзi выбiвацца. Свае мазгi я даўно ўжо трэнiрую.

Ад вiскi Джоўд адчуў сябе вальней. Ён скруцiў яшчэ адну цыгарку i запалiў.



11 из 513