- Хто не сядзеў цэлымi днямi за рулём, той не ведае, што гэта такое. Гаспадары не дазваляюць браць спадарожнiкаў. Вось i ганяеш з канца ў канец адзiн, як пракляты, калi не хочаш нарвацца на звальненне. А з табой я, чаго добрага, нарвуся.

- Цаню, - сказаў Джоўд.

- Некаторыя хлопцы ў дарозе чорт што вырабляюць. Адзiн, паверыш, вершы складае, каб хутчэй iшоў час. - Ён крадком глянуў на Джоўда, цi не зацiкавiць яго такое незвычайнае паведамленне. Джоўд маўчаў, утаропiўшыся на дарогу, на белую дарогу, што бегла ўдалячынь мяккай хвалiстай лiнiяй па ўзгорках. Не дачакаўшыся адказу, шафёр пачаў гаварыць далей: - Адзiн яго верш я крыху памятаю. Там пра яго самога i двух яго прыяцеляў - раз'язджаюць па свеце, п'янствуюць, дэбашыраць. Шкада, не магу ўсё пераказаць. Ён там такiх доўгiх слоў накруцiў, сам гасподзь бог не разбярэцца. Памятаю толькi адно месца: "Нам раз стрэўся афрыканец, у яго пратуберанец, нiбы хобат у слана". Пратуберанец гэта выступ такi. Ён сам мне ў слоўнiку паказваў. Нi на момант са сваiм слоўнiкам не расставаўся. Пад'едзе да закусачнай, закажа кавы з пiрагом, а сам уткнецца носам у слоўнiк. - Шафёр замаўчаў. Гаварыць аднаму так доўга было не вельмi прыемна. Краем вока ён глянуў на пасажыра. Той сядзеў моўчкi. Шафёру стала нiякавата, i ён зрабiў яшчэ адну спробу ўцягнуць Джоўда ў гутарку. - Ты чуў ад каго-небудзь такiя даўжэзныя словы?

- Ад прапаведнiка, - адказаў Джоўд.

- Проста шалееш, калi чуеш такiя слоўцы. Прапаведнiк - справа iншая, з iм лясы тачыць не будзеш. Наогул, злосць бярэ, калi так гавораць, але хлопец той быў весялун. Усе ведалi, што ён смехам гэта робiць, а не дзеля выхвальства: вось якi я разумны! - Шафёр супакоiўся - цяпер, прынамсi, пасажыр яго слухаў. Ён зрабiў круты паварот, ажно шыны вiскнулi. - Вось я i кажу, - працягваў ён гаварыць, - некаторыя хлопцы немаведама якiя штукi адпальваюць. Даводзiцца. Здурэць можна - сядзiш увесь час адзiн, i толькi дарога перад вачамi мiльгае. Пра вадзiцеляў грузавiкоў балбочуць, нiбыта яны толькi i робяць, што жаруць. Ездзяць з аднаго бара ў другi i булачкi з катлетамi ядуць.



10 из 513