
Шафёр правёў позiркам па твары Джоўда, стараючыся запомнiць яго рысы.
- Нi пра што такое я ў цябе не пытаўся, - сказаў ён. - Мая справа старана.
- Можаш раззванiць па ўсiх забягалаўках, адсюль i да самай Тэксалы. Джоўд усмiхнуўся: - Ну, бывай, дружа! Хлопец ты неблагi. Толькi памятай: хто пасядзеў у каталажцы, той здалёку пачуе, куды вецер вее. Ты i рота яшчэ раскрыць не паспеў, а мне было ўжо ўсё ясна. - Джоўд пляснуў далонню па металiчных дзверцах: - Дзякуй, што падвёз. Бывай! - Ён павярнуўся i пайшоў на палявую дарогу.
Хвiлiну шафёр моўчкi глядзеў яму ўслед, потым крыкнуў:
- Шчаслiва!
Не азiраючыся, Джоўд памахаў рукой. Матор зароў, заскрыгатала перадача, i вялiкi чырвоны аўтафургон скрануўся з месца.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦI
Бетонную стужку шашы з бакоў абступала густая высахлая трава з панiклым, пераблытаным бадыллём, i каласкi i галоўкi яе ашчацiнiлiся асцюкамi i калючкамi: аўсюк - каб учапiцца ў сабачую поўсць, лiсахвост - каб уплесцiся ў конскую шчотку, канюшына - каб ухапiцца сваiмi шчацiнкамi за авечую воўну; не абуджанае яшчэ жыццё чакала, калi яго рассеюць, разнясуць на ўсе бакi, кожнае семечка было ўзброена адмысловым прыстасаваннем - кручочкам цi парашуцiкам, дроцiкам цi клубочкам з вострымi iголачкамi, i ўсё гэта чакала якой-небудзь жывёлiны цi ветру, манжэтаў мужчынскiх штаноў цi падола жаночай спаднiцы, чакала бяздзейна, але мабiлiзаваўшы ўсе свае сродкi, нерухома, але ў поўнай гатоўнасцi да вандроўкi.
Сонечныя промнi падалi на траву i грэлi яе, а ў цянi пад былiнкамi варушылiся i снавалi казюлькi - мурашкi i мурашыныя львы, што ставiлi iм пасткi; конiкi, якiя раз-пораз выстрэльвалi ў паветра, блiснуўшы жаўтлявымi крыльцамi; падобныя да маленечкiх армадзiлаў макрыцы ўпарта прабiралiся кудысьцi на сваiх незлiчоных кволых ножках. А па траве ўсцяж дарогi, мiма палатна, паўзла, цягнучы выгнуты купалам панцыр, балотная чарапаха - то ў адзiн бок паверне, то ў другi.
