Яе шурпатыя лапы з жоўтымi кiпцямi разграбалi траву, не ступалi па ёй, а прадзiралiся праз яе, цягнучы на сабе грувасткi шчыт. Ячменнае зерне саслiзгвала па iм, варсiстае насенне канюшыны падала на яго i кацiлася на зямлю. Цвёрдая дзюба чарапахi была трохi разяўлена, халодныя вочы насмешлiва пазiралi наперад з-пад арагавелых надброўных дугаў. За ёю цягнуўся след - каляiна прымятай травы, наперадзе ўзгоркам узвышаўся дарожны насып. Чарапаха спынiлася, высока задрала галаву, памiргала, прыжмурыла вочы, зiркнула ўгору, потым унiз i пачала ўзбiрацца па адхоне. Кiпцюрастыя пальцы пярэднiх лап выпрасталiся, але зямлi не кранулiся. Заднiя ногi пачалi падпiхаць панцыр, i ён зашоргаў па траве, потым па жвiры. Чым круцейшы рабiўся насып, тым упарцей працавала чарапаха. Заднiя лапы коўзалiся, зрывалiся, падштурхоўваючы панцыр, лускаватая галава вытыркнулася наперад на ўсю даўжыню доўгай шыi. Панцыр памалу падымаўся па адхоне, пакуль шлях яму не перасек бетонны борцiк шашы ў чатыры цалi вышынёй. Заднiя ногi, нiбы незалежныя ад тулава, падштурхнулi яго ўгору, да самага краю бар'ера. Шыя выцягнулася, i чарапаха глянула цераз борцiк на шырокую цэментавую гладзь. Тады пярэднiя лапы, якiмi яна ўпiралася ў борцiк, напружылiся, пасунулiся вышэй, i панцыр паволi палез уверх i перадам лёг на борцiк. Тут чарапаха дала сабе адпачыць. Чырвоная мурашка шмыгнула пад панцыр, пад мяккае брушка, i раптам галава i ногi чарапахi схавалiся i бранiраваны хвост шуснуў убок, пад свой шчыт. Чырвоную мурашку раздушыла памiж брушкам i лапай. Пад панцырам апынуўся i каласок аўсюка, змецены туды пярэдняй лапай. Чарапаха доўга ляжала нерухома, потым зноў высунулася галава на доўгай шыi, i халодна-насмешлiвыя старэчыя вочы паглядзелi па баках, а з панцыра зноў высунулiся лапы i хвост. Заднiя ногi заварушылiся, напружылiся, панцыр перавалiўся цераз борцiк, i пярэднiя ногi павiслi над палатном шашы. Але заднiя падштурхоўвалi панцыр усё далей i далей, i нарэшце цэнтр цяжару перамясцiўся, пярэдняя частка тулава нырнула ўнiз, кiпцi заскрэблi па бетоне, i чарапаха апынулася на насцiле дарогi. А на яе пярэднiх лапах, абвiўшыся вакол iх сваёй бадылiнай, засеў каласок аўсюка.



15 из 513