Наперадзе, узбоч дарогi, чахлая, абсыпаная пылам вярба адкiдала на зямлю рабы цень. Яе ўбогае, кволае вецце згiналася над дарогай, рэдкая, чэзлая крона нагадвала аблезлую курыцу. Джоўд аблiваўся потам. Сiняя кашуля пацямнела на спiне i пад пахамi. Ён насунуў кепку на лоб, пацягнуўшы за брылёк, i той перагнуўся пасярэдзiне, кардонная пракладка зламалася - цяпер ужо кепка нiколi не будзе выглядаць, як новая. Ногi неслi яго ўсё шпарчэй да адзiнокага дрэва. Ён ведаў - там будзе цень, прынамсi, хоць палоска ценю ад ствала, бо сонца прайшло ўжо зенiт. Гарачыя промнi апякалi патылiцу, у галаве злёгку шумела. Ён не бачыў падножжа вярбы, бо яна расла ў маленькай западзiне, вiльгаць там не так хутка высыхае, як на роўных месцах. Ён iшоў усё хутчэй - спяшаўся ўцячы ад сонца, i нарэшце пачаў спускацца па схiле. Раптам ён апаслiва запаволiў крок, бо палоска ценю была ўжо кiмсьцi занятая. Прыхiнуўшыся спiнай да камля, на зямлi сядзеў чалавек. Сагнутыя ў каленях ногi ён склаў крыж-накрыж, i босая правая ступня дасягала амаль галавы. Ён засяроджана насвiстваў мелодыю факстрота "Так, сэр, гэта мой бэбi" i таму не чуў крокаў Джоўда. Задраная ўгору ступня мерна адбiвала такт. Тэмп быў не танцавальны. Чалавек перастаў свiстаць i заспяваў тонкiм кволым тэнарком:

Так, сэр, ён мой збавiцель,

Хрыс-тос мой збавiцель,

Хрыс-тос мой збавiцель, сэр.

Чорта, клянуся,

Я ўжо не баюся,

У мяне ёсць збавiцель цяпер.

Ён пачуў крокi Джоўда, толькi калi той ступiў у рэдкi цень ад аблезлай кроны, перастаў спяваць i павярнуў у яго бок галаву. Доўгая, кашчавая, з туга нацягнутай скурай на твары, яна сядзела на шыi, мускулiстай i жылiстай, як бадыль сельдэрэю.



18 из 513