
Ён паспрабаваў прыгадаць: "Там нам стрэўся афрыканец...", але далей нiяк не iшло. Тады ён адвярнуўся ад шашы i паглядзеў на дарогу, што пад прамым вуглом iшла ў поле. Шчодра прыпякала сонца, аселы пыл ляжаў, не патрывожаны ветрам. Каляiны на дарозе да краёў засыпала пылам. Джоўд зрабiў некалькi крокаў, i лёгкi, як мука, пыл заклубiўся перад яго новымi жоўтымi чаравiкамi, зацерушыў iх i зрабiў шэрымi.
Ён нахiлiўся, развязаў шнуркi i адзiн за другiм зняў абодва чаравiкi. З асалодай размяў потныя ногi, пераступаючы iмi ў гарачым пыле i прасейваючы яго струменьчыкамi мiж пальцаў, пакуль скура на ступнях, падсохшы, не сцялася. Тады зняў пiнжак, закруцiў у яго чаравiкi i засунуў скрутак пад паху. Нарэшце ён пакрочыў па дарозе, узнiмаючы перад сабой пыл, якi потым слаўся нiзкiм воблачкам за яго спiнай.
З правага боку дарогi цягнулася агароджа - дзве нiткi калючага дроту на вярбовых калах. Слупкi былi крывыя, няроўна абрэзаныя. Калi развiлiна была на належнай вышынi, дрот ляжаў на ёй, калi не - яго трымаў абвязаны вакол слупка ржавы абрывак пакавальнага дроту. За агароджай, паваленая ветрам, спёкай i сухменню, ляжала кукуруза, i лiсцевыя пазухi на сцёблах былi даверху забiтыя пылам.
Джоўд iшоў дарогай, i воблачка пылу цягнулася па яго слядах. Крыху наперадзе ён убачыў выпуклы панцыр чарапахi, якая марудна паўзла па пыле, неяк рыўкамi перастаўляючы няўклюдныя ногi. Джоўд спынiўся - захацеў паглядзець на чарапаху, i цень яго ўпаў на яе. Галава i ногi iмгненна схавалiся, кароткi тоўсты хвост шуснуў убок, пад панцыр. Джоўд падняў чарапаху i перавярнуў дагары нагамi. Спiна ў яе была шаравата-карычневая, пад колер пылу, а нiжнi шчыток крэмава-жоўты, чысты i гладкi. Джоўд вышэй падсунуў пад паху свой скрутак i правёў пальцам па брушным шчытку, потым нацiснуў на яго. Ён быў мякчэйшы за верхнi. Чарапаха высунула лускаватую галаву - намагалася зiрнуць уверх, на палец Джоўда, сутаргава торгаючы нагамi. Яна намачыла Джоўду на далонь, не перастаючы бездапаможна бiцца ў яго ў руках. Джоўд перавярнуў яе спiнай угору i ўкруцiў у пiнжак разам з чаравiкамi. Ён адчуваў, як яна валтузiцца там, тыцкаецца i перабiрае лапамi. Джоўд пайшоў далей, прыспешыў крок, крыху заграбаючы мяккi пыл пятамi.
