Калi чэрвень ужо напалову прайшоў, з Тэхаса i Мексiканскага залiва насунулiся вялiкiя хмары - цяжкiя, навальнiчныя. Людзi на палях задзiралi ўгору галовы, уцягвалi носам паветра i выстаўлялi наслiненыя пальцы, каб праверыць, цi ёсць вецер. Конi трывожна пераступалi з нагi на нагу. Чорныя хмары крыху апырснулi зямлю i iмклiва паплылi далей, у iншыя краi. Пасля iх неба засталося такое ж бледнае, сонца па-ранейшаму моцна пякло. Дажджавыя кроплi прабiлi ў пыле маленькiя ямкi, сям-там абмылi кукурузнае лiсце - i толькi.

Услед за хмарамi павеяў мяккi ветрык, ён гнаў iх на поўнач i лёгка пагойдваў падвялы кiяшнiк. Мiнуў дзень, i вецер набраў сiлы, але дзьмуў роўна, без парываў. Пыл падняўся з дарог у паветра i апускаўся на пустазелле, што расло ўзбоч палёў, i ўскрай iх на кукурузу. Потым вецер падзьмуў моцна i рэзка, накiнуўся на ўжо засохлую глебу. Мала-памалу неба пацямнела ад вiрлiвага пылу, а вецер усё шастаў па зямлi, крышыў яе i зносiў з сабой. Неўзабаве ён яшчэ больш разгуляўся. Сухая скарынка зямлi пад яго напорам лопнула, i над палямi падняўся густы пыл, якi цягнуўся шэрымi, касматымi, як дым з комiна, пасмамi. Кукуруза змагалася з ветрам, шапочучы сухiм лiсцем. Тонкi пыл не асядаў на зямлю, а высока ўзнiмаўся i знiкаў у пацямнелым небе.

А вецер усё мацнеў, шмыгаў пад камянi, выдзьмуваў усё - i салому, i леташняе лiсце, i камячкi зямлi, адзначаючы iмi свой шлях. Паветра i неба зусiм пазмрачнелi, сонца, што прабiвалася скрозь морак, здавалася чырванаватым. Ад пылу пяршыла ў горле. Ноччу вецер зусiм раз'ятрыўся, спрытна прабiраўся мiж каранёў кукурузы, якая адбiвалася ад яго аслабелым лiсцем, пакуль ён не вырваў яе з зямлi, i тады сцяблiны стомлена павалiлiся набок, вяршынямi паказваючы кiрунак ветру.

Пачало свiтаць, але не разаднела. У шэрым небе выплыла сонца мутна-чырвоны круг, якi свяцiўся сутонлiвым, кволым святлом; да вечара сутонне паступова зноў перайшло ў змрок, а над паваленым кiяшнiкам завываў i плакаў вецер.



2 из 513