Людзi сядзелi ў дамах, а калi даводзiлася выходзiць, яны закрывалi нос хусцiнкай i надзявалi акуляры, каб не засыпала вочы пылам.

Зноў настала ноч, апраметная цемра, бо зоркi не прабiвалiся скрозь заслону пылу, а святло з вокнаў толькi крыху разбаўляла цемрадзь каля самага жытла. Пыл перамяшаўся з паветрам, i ў гэтай завiсi з пылу i паветра было пароўну i таго, i другога. Дамы былi зачыненыя наглуха, дзвярныя i аконныя шчылiны заканапачаныя анучамi, але пыл непрыкметна пранiкаў у памяшканне i тонкi, быццам кветкавы пылок, клаўся на сталы, на посуд. Людзi счышчалi яго з плячэй. Вузенькiя палоскi пылу прымятала да парогаў.

Сярод ночы вецер пакiнуў гэты край, наступiла цiшыня. Змешанае з пылам паветра прыглушала гукi нават больш, чым туман. Лежачы ў ложках, людзi пачулi, што вецер сцiх, - яны прачнулiся, калi шум яго замёр удалечынi. Яны ляжалi, напружана ўслухоўваючыся ў цiшыню. Неўзабаве заспявалi пеўнi, але галасы iх гучалi глуха, i людзi нервова заварушылiся ў ложках, нецярплiва чакаючы ранiцы. Яны ведалi, што тонкi пыл асядзе не хутка. Ранiцой ён туманам вiсеў у паветры, сонца было ярка-чырвонае, як свежая кроў. Цэлы дзень неба сеяла пыл на зямлю i наступны дзень таксама. Зямля ўкрылася гладкай шэрай коўдрай. Пыл апусцiўся на кукурузу, асеў кучкамi на слупах агароджаў, на правадах, заслаў сабой дахi, траву, абсыпаў дрэвы.

Людзi выходзiлi з дамоў i, удыхнуўшы пякучае, як жар, паветра, паспешлiва прыкрывалi чым-небудзь нос. Дзецi таксама выбягалi на двор, але не насiлiся з крыкам па iм, як гэта бывала пасля дажджу. Мужчыны застылi каля агароджаў i пазiралi на звялую кукурузу, якая хутка сохла i Толькi дзе-нiдзе вызiрала зелянiнай скрозь пласт пылу. Мужчыны маўчалi, амаль не адыходзячы ад агароджаў. I жанчыны выходзiлi з дамоў i стаялi каля мужоў, стараючыся вызнаць, цi хопiць сiлы ў мужчын вытрываць усё гэта. Жанчыны крадком прыглядалiся да iх твараў - кукуруза, што ж, няхай прападае, абы засталося ўсё астатняе.



3 из 513