
Джоўд паглядзеў на яго зверху i раптам засмяяўся:
- Дык ты ж прапаведнiк! Вось ты хто - наш прапаведнiк! Мо толькi якую гадзiну назад я пра цябе аднаму хлопцу расказваў.
- Былы прапаведнiк, - спахмурнеў чалавек. - Прападобны Джым Кейсi - з секты "Неапальная купiна". Горла драў у славу гасподню. I грэшнiкаў-пакаянцаў ледзь што - у канаву; наб'еш яе iмi да краёў, так i глядзi, патопяцца. Але цяпер я ўжо не той. - Ён уздыхнуў. - Цяпер я проста Джым Кейсi. Няма ў мяне тае адданасцi богу. Усё ў галаву грэшныя думкi лезуць... грэшныя, але, на мой погляд, цвярозыя.
Джоўд сказаў:
- Калi ўжо што ў галаву палезе, тады i задумаешся. Я не забыў цябе. Ты ў нас неблагiя маленнi наладжваў. Памятаю, неяк раз ты стойку зрабiў i так, на руках ходзячы, такую пропаведзь закацiў! I завываў як апантаны. Мацi маёй ты быў больш за iншых па душы. А бабка, дык тая казала, што дух з цябе божы так i б'е ў нос. - Джоўд запусцiў руку ў скрутак, намацаў бутэльку i выняў з кiшэнi пiнжака. Чарапаха варухнула лапай, але Джоўд закруцiў пiнжак тужэй. Потым адкруцiў каўпачок з рыльца i падаў бутэльку Джыму Кейсi. - Глынеш?
Кейсi ўзяў бутэльку i тужлiва паглядзеў на яе.
- Больш я ўжо не прапаведую, толькi зрэдку. Цяпер у народзе няма ўжо таго духу боскага, што быў раней. А горш за ўсё, што i ўва мне яго анi кропелькi не засталося. Бывае, праўда, калi-нiкалi ўвойдзе ў цябе дух, ну i склiчаш людзей на маленне. А яшчэ, здараецца, перад ядой богу малiтву скажаш, калi да стала хто запросiць. Але душу я цяпер ужо ў гэта не ўкладаю. Проста просяць людзi, i я не адмаўляюся.
Джоўд зноў выцер твар кепкай.
- Няўжо ты такi ўжо святоша, што ад вiскi адмаўляешся? - сказаў ён.
Кейсi глянуў на бутэльку, быццам толькi што ўбачыў яе ў сваiх руках. Потым паднёс да рота, перакулiў i зрабiў тры вялiкiя глыткi.
- Ну i пiтво! - пахвалiў ён.
- А ты як думаў? - сказаў Джоўд. - Не самагон якi - фабрычнае. Яму цэлы даляр цана.
