
Перш чым аддаць бутэльку, Кейсi яшчэ раз прыклаўся да рыльца.
- Так, сэр! - прамовiў ён. - Так, так, сэр!
Джоўд узяў з яго рук бутэльку i адпiў, з далiкатнасцi не абцёршы рыльца рукавом. Потым апусцiўся на кукiшкi i прыставiў бутэльку да скручанага пiнжака. Падабраў з зямлi сухую галiнку - каб запiсваць ёю свае думкi ў пыле. Змёў лiсце ўбок, разраўняў далонню чысты квадрацiк i пачаў выводзiць на iм рысачкi, куты i кружочкi.
- Даўнавата цябе не бачыў, - сказаў ён.
- А мяне нiхто не бачыў, - адказаў прапаведнiк. - Аднаго дня ўзяў i пайшоў ад iх, цяпер усё больш сяджу адзiн i сам з сабою разважаю. Боскага духу я не страцiў, толькi цяпер ён нейкi iншы. Сумненнi пачалi адольваць.
Кейсi сеў крыху раўней спiнай да ствала. Вавёркай юркнула ў кiшэню кашчавая рука i выцягнула адтуль чорную, абкусаную з усiх бакоў плiтку тытуню. Ён старанна сцёр з яе саламяную труху i iншае кiшэннае смецце, адкусiў кавалачак i засунуў за шчаку. Джоўд адмоўна памахаў галiнкай, калi Кейсi падаў яму плiтку. Чарапаха ў скрутку зноў пачала валтузiцца. Кейсi паглядзеў на пiнжак, якi варушыўся, нiбы жывы.
- Што гэта там у цябе - курыца? Глядзi, задыхнецца.
Джоўд тужэй скруцiў пiнжак.
- Чарапаха, - сказаў ён. - На дарозе падабраў. Вялiзная, як трактар. Брацiку нясу. Малыя любяць чарапах.
- Рана цi позна яны ўсе iмi абзаводзяцца. Але чарапаху пры сабе доўга не ўтрымаеш. Торкаецца, тыцкаецца сюды-туды, пакуль не знойдзе лаза, выберацца на волю, i шукай ветру ў полi. Вось i я так. Няма таго, каб проста разгарнуць Евангелле, што ляжыць пад рукой. Не, усё круцiш яго, гартаеш, шукаеш нечага адны шматкi застаюцца. Бывае, натхнюся боскiм духам, а што ўслаўляць, не ведаю. Прызначэнне маё - весцi людзей, але ж няма куды.
- А ты вадзi iх кругом i навокал, - сказаў Джоўд. - Доўга не думай, штурхай iх у арашальныя канавы. А свой розум мець захочуць, скажы iм, што ў пякельным агнi гарэць будуць. На чорта табе ведаць, куды iх весцi? Проста вядзi, i справе канец.
