
Джоўд старанна вывеў галiнкай у пыле жаночы торс - грудзi, клубы, таз.
- Прапаведнiкам я нiколi не быў, - сказаў ён, - таму не зяваў, калi што ў рукi плыло. I рознымi думкамi галаву сабе не забiваў - падвернецца што дзе калi, i я сам не свой ад радасцi.
- Ну ясна, ты ж не прапаведнiк, - упiраўся Кейсi. - Табе дзеўка - проста дзеўка. Што табе да яе. А мне жанчына - сасуд свяшчэнны. Я ратаваў iхнiя душы. I вось, узяўшы на сябе такую адказнасць, я спачатку ўсяляў у iх дух святы, а потым цягаў iх у кусты.
- Можа, i мне не пашкодзiла б зрабiцца прапаведнiкам, - уголас падумаў Джоўд. Ён дастаў з кiшэнi тытунь i паперу, скруцiў цыгарку. Запалiў яе i скрозь дым пакасiўся на субяседнiка. - Даўно ўжо я без жанчыны. Давядзецца наганяць.
Кейсi гаварыў далей:
- Я давёў сябе да таго, што начамi не спаў. Iдзеш на пропаведзь i зарок сабе даеш: "Сёння, далiбог, не буду". Але яшчэ не дагаварыўшы, ужо ведаю буду.
- Ажанiцца табе трэба, - сказаў Джоўд. - У нас жыў адзiн прапаведнiк з жонкай. Егавiсты. Наверсе ў нас спалi. На маленне народ прыходзiў да iх у гумно. А мы, дзецi, падслухоўвалi, як жонцы ад яго даставалася пасля кожнага вячэрняга малення.
- Добра, што ты мне гэта сказаў, - ажывiўся Кейсi. - А то я думаў, што я адзiн быў такi...
