Нарэшце не вытрымаў, кiнуў усё i пайшоў. З тае пары ў мяне толькi адно ў галаве. - Ён падцягнуў каленi да падбародка i пачаў выкалупваць гразь мiж пальцаў ног. - I вось спытаўся я ў самога сябе: "Што цябе мучыць? Юрлiвы сверб?" I сам адказваю: "Не, не сверб, а тое, што ўсё гэта грэх". I зноў пытаюся: "Як жа гэта так? Чалавек, поўны вялiкай павагi да бога, павiнен, здавалася б, як мул, упiрацца, каб не ступiць на грэшны шлях, дык жа ж не яму карцiць хутчэй штаны расшпiлiць". - Ён мерна паляпаў двума пальцамi па далонi, быццам акуратна кладучы на яе словы радком. - Кажу я сабе: "Можа, ва ўсiм гэтым няма нiякага грэху? Можа, людзi i павiнны быць такiмi? Можа, дарэмна мы мардуем сябе, выганяючы д'ябла?" I згадаў я, як некаторыя сёстры сцябаюць сябе метровымi абрыўкамi правадоў. I падумаў: можа, iм гэта прыемна, можа, i мне прыемна сябе мучыць? Я ляжаў тады пад дрэвам, думаў, думаў ды заснуў. Прачынаюся, гляджу - ноч, апраметная цемра. Недзе паблiзу скуголiць каёт. I раптам само сабой так голасна ў мяне вырвалася: "К чорту ўсё! Нiякага грэху на свеце няма, няма i праведнасцi. Ёсць толькi тое, што людзi робяць. Адно без другога не iснуе. У людзей некаторыя справы добрыя, некаторыя нядобрыя, вось i ўсё, i то з якога яшчэ боку на гэта паглядзець". - Кейсi змоўк i адарваў вочы ад далонi, на якой ён нiбы раскладаў словы.

Джоўд слухаў прапаведнiка з усмешкай, але позiрк яго быў востры i ўважлiвы.

- Ты сваю веру ўсю ператрос, - сказаў ён. - З усiх бакоў абсмактаў.

Кейсi зноў загаварыў, i ў голасе яго гучалi боль i разгубленасць.

- Я пытаюся ў сябе: "Што такое боскi дух i парыванне?" I адказваю: "Гэта любоў. Я так люблю людзей, што, бывае, сэрца крывёю аблiваецца". Зноў пытаюся: "А Iсуса ты хiба не любiш?" Думаю, думаю i нарэшце кажу: "Не, я нiкога з такiм iмем не ведаю. Гiсторый розных пра яго чуў шмат, але люблю я толькi жывых людзей. Сэрца разрываецца ад любовi да iх, i хочацца мне зрабiць усiх iх шчаслiвымi, i таму прапаведую iм тое, што можа прывесцi iх да шчасця".



24 из 513