
- Пра што ты? - спытаўся Джоўд.
Кейсi хiтравата глянуў на яго.
- Калi твой слых разане, не крыўдуй, га?
- Я крыўдую, толькi калi мне нос расквасяць, - сказаў Джоўд. - Ну, што ты там такое надумаў?
- Разважаў я пра духа святога i пра Iсуса: "Чаго гэта мы ўсё горнемся да бога i да Iсуса? Можа, - думаў я, - мы проста людзей любiм - мужчын i жанчын? Можа, дух святы - гэта i ёсць душа чалавечая, вось i ўсё. Можа, усе людзi разам i ўтвараюць адну вялiкую душу i часцiнку яе знойдзеш у кожным чалавеку?" Доўга сядзеў я так, думаў, думаў i раптам усё зразумеў, усiм нутром, i так ува мне гэта i засталося.
Джоўд апусцiў вочы, быццам яму было не пад сiлу вытрываць шчыры позiрк прапаведнiка.
- З такiмi думкамi нi ў якай царкве не ўтрымаешся, - сказаў ён. - За такiя думкi цябе прагоняць з нашых краёў. Што людзям трэба? Паскакаць i павыць. Гэта iм самая вялiкая ўцеха. Бабка наша, бывала, як пачне лямантаваць, рады ёй даць было нельга. Аднаго разу здаравеннага псаломшчыка кулаком з ног звалiла.
Кейсi задуменна пазiраў на Джоўда.
- Вось я хачу спытацца ў цябе пра нешта, - сказаў ён. - Душу мне гэта кроiць.
- Што ж, пытайся. Часам i я ў чым-небудзь разбiраюся.
- Вось што... - нерашуча пачаў прапаведнiк. - Я хрысцiў цябе найлепшым чынам у той дзень, калi боскае ззянне сышло на мяне. З вуснаў маiх словы Хрыстовы лiлiся. Ты, пэўна, нiчога не памятаеш, бо ўвесь час коску тую цягаў.
