
- Казаць, дык адразу ўсё, i скончым з гэтым. Але калi б ты i цяпер яшчэ быў прапаведнiкам, я асцярогся б расказваць, бо ты пачаў бы малiцца за маю душу. - Ён дапiў рэшту вiскi i шпурнуў паўлiтэрку ўбок, i пляскатая бутэлька мякка слiзганула па пыле. - Я чатыры гады праседзеў у Макалестары.
Кейсi крута павярнуўся да яго i так насупiў бровы, што высокi яго лоб зрабiўся яшчэ вышэйшы.
- Табе неахвота пра гэта гаварыць, так? Я не буду распытвацца, што ты там такое нарабiў.
- Я i цяпер зрабiў бы тое самае, - сказаў Джоўд. - Я забiў аднаго малойчыка ў бойцы. Мы добра напiлiся з iм на танцах. Ён нажом мяне пырнуў, я схапiў рыдлёўку i прыкончыў яго. Размажджэрыў яму галаву.
Бровы ў прапаведнiка занялi сваё звычайнае месца.
- Значыць, саромецца табе няма чаго?
- Няма, - адказаў Джоўд. - Мне далi толькi сем гадоў, бо ён першы пачаў пырнуў мяне нажом. Выпусцiлi праз чатыры гады - умоўна.
- I нiхто з тваiх не пiсаў табе ўсе чатыры гады?
- Чаму ж, пiсалi. Два гады назад ад мацi паштоўку атрымаў, а на мiнулыя Каляды бабка прыслала. О, Езус, i смеху ж было ў нашай камеры! Паштоўка з малюнкам - ёлка ўся ў блiшчынках, быццам снегам абсыпаная. I вершык:
У свята светлае Каляды
Будзь жыццю, хрыстосiк, рады,
I пад ёлачку ты глянь.
Падаруначак дастань.
Бабка, вiдаць, i не чытала яго. Пэўна, у разносчыка купiла, выбрала самую прыгожую i блiскучую. Хлопцы ў камеры жываты надрывалi ад рогату. З таго дня ўсе мяне "хрыстосiкам" дражнiлi. А бабка i думаць не думала, што з мяне смяяцца будуць. Бачыць, святочная паштоўка, прыгожая, блiскучая, навошта чытаць? У той год, калi мяне пасадзiлi, яна свае акуляры згубiла. Да гэтага часу, думаю, яшчэ шукае.
- А як абыходзяцца яны там з вамi, у Макалестары?
- Ды нядрэнна. Кормяць па гадзiнах, адзяваюць чыста, i памыцца ёсць дзе. Без жанчын толькi цяжка. - Джоўд раптам засмяяўся: - У нас там неяк аднаго тыпуса ўмоўна выпусцiлi.
