
Кейсi хмыкнуў:
- Гэтак можна i не пачуць, як лесапiлка вiшчыць.
Жаўтавата-пыльнае святло кранула зямлю пазалотай. Кукуруза ўся залацiлася. Чародка ластавак пранеслася ў небе - вiдаць, да нейкай вады. Чарапаха ў Джоўдавым пiнжаку зрабiла яшчэ адну спробу ўцёкаў. Джоўд перагнуў папалам брылёк кепкi, i цяпер брылёк стаў падобны на крывую дзюбу вароны.
- Ну, вiдаць, патупаю, - сказаў Джоўд. - Скварыцца на сонцы не вельмi люблю, але цяпер ужо не так пячэ.
Кейсi рашуча падняўся.
- Старога Тома я цэлы век не бачыў, - сказаў ён. - Даўно хацеў зiрнуць, як ён там. Я ж колькi часу да вас хадзiў са словам божым, грошай нiколi не браў, глыну толькi чаго-небудзь...
- Гайда, - сказаў Джоўд. - Бацька табе рады будзе. Ён заўсёды казаў, што ў цябе дзюба занадта вялiкая для прапаведнiка. - Джоўд падняў з зямлi пiнжак i шчыльней абкруцiў iм чаравiкi i чарапаху.
Кейсi падабраў свае парусiнавыя туфлi i ўсунуў у iх босыя ногi.
- Я не такi смелы, як ты, - сказаў ён. - Чаго добрага, яшчэ на калючы дрот наступлю ў пыле цi на шкло. Страх як баюся палец парэзаць - няма нiчога горшага.
