
Яны нерашуча пастаялi, перш чым пераступiць лiнiю ценю, i раптам рушылi наперад, як два плыўцы, што спяшаюцца дабрацца да другога берага. Шпарка прайшоўшы некалькi крокаў, яны сцiшылi хаду i пайшлi няспешна, быццам у роздуме. Кукурузнае бадыллё кiдала на дарогу косыя шэрыя ценi, у паветры стаяў душны пах нагрэтага пылу. За кукурузным полем пачаўся цёмна-зялёны бавоўнiк цёмна-зялёнае лiсце з зачаткамi насенных каробачак пад пялёнкай шэрага пылу. Усходы былi няроўныя - густыя ў западзiнах, дзе даўжэй трымалася вiльгаць, i зусiм пляшывыя на высокiх месцах. Раслiны ўпарта змагалiся з сонцам. А блiжэй да гарызонту далеч зацягнулася непрагляднай рудаватай смугой. Пыльная дарога адбягала ўдалечыню хвалiстай стужкай. Вербы, што раслi па берагах ручая, збочвалi разам з iм на захад, а на паўночны захад ад iх няўроблены ўчастак зямлi ўшчыльную падыходзiў да нiзкага i рэдкага кустоўя. Тхала распаленым пылам, паветра было такое сухое, што слiзь у носе засыхала скарынкай, а з вачэй цяклi выратавальныя слёзы.
Кейсi сказаў:
- Бачыш, як добра падымалася кукуруза, пакуль яе пылам не засыпала? Багаты быў бы ўраджай.
- Кожны год, - сказаў Джоўд, - кожны год, як я сябе памятаю, выспяваў добры ўраджай, але нi разу так i не выспеў. Дзед казаў, што зямля толькi першыя пяць гадоў добра радзiла, пакуль яшчэ перагной ад старога пустазелля ў ёй заставаўся.
Дарога апусцiлася па схiле ўзгорка i паднялася на другi пакацiсты груд.
Кейсi сказаў:
- Адсюль да старога Тома будзе не болей за мiлю. За трэцiм узгоркам, здаецца, так?
- Правiльна, - адказаў Джоўд. - Калi толькi дом наш не ўкралi, як некалi бацька зрабiў.
- Дом украў?
- Ага. Знайшлi пусты мiлi за паўтары адсюль i ўкралi. Сям'я, што там жыла, перабралася ў iншае месца. Дзед, бацька i Ной, брат мой, хацелi перацягнуць увесь дом цалкам, ды ён не даваўся.
