
Музыка ў бары сцiхла, з дынамiка пачуўся мужчынскi голас, але буфетчыца прыёмнiк не выключыла - не заўважыла, што музыка скончылася. Толькi што яна намацала пальцам прышчык за вухам. Намагалася разгледзець яго ў люстры, што вiсела ззаду над стойкай, ды так, каб наведнiк не заўважыў, i таму рабiла выгляд, што папраўляе пасмачку валасоў. Шафёр сказаў:
- У Шонi вялiкiя танцы былi. Кажуць, забiлi там некага цi штосьцi такое. Нiчога не чулi?
- Не, - адказала буфетчыца i пяшчотна памацала прышчык за вухам.
Чалавек падняўся з падножкi, паглядзеў цераз капот на бар. Потым зноў сеў i дастаў з бакавой кiшэнi капшук з тытунём i кнiжачку курыльнай паперы. Не спяшаючыся, умелымi пальцамi скруцiў цыгарку, з усiх бакоў агледзеў яе, акуратна падраўняў табачынкi, нарэшце запалiў i ўтыцнуў непатушаную запалку ў пыл пад нагамi. Наблiжаўся поўдзень, сонца пакрысе паглынала цень ад грузавiка.
У бары шафёр расплацiўся за каву i ўсунуў здачу - дзве пяцiцэнтавыя манеты - у проразь iгральнага аўтамата. Цылiндры закруцiлiся, але нiчога не выдалi.
- Яны так хiтра зроблены, што нiколi не выйграеш, - сказаў шафёр буфетчыцы.
Яна адказала:
- Аднаму тут вялiкi выйгрыш выпаў. Не болей як гадзiны дзве таму. Калi назад праедзеце?
Ужо адчынiўшы дзверы, шафёр адказаў:
- Праз тыдзень цi дзён праз дзесяць. У Талсу еду, а там заўсёды замiнка.
Буфетчыца бурклiва сказала:
- Мух напусцiце. Iдзiце цi дзверы зачынiце.
