
- Я стрэў яго месяцы тры назад. Пасля аперацыi. Яму там нешта выразалi. Запамятаваў што.
А яна:
- Толькi ж на тым тыднi яго бачыла. Здаровы быў з выгляду. Хлапец нядрэнны, пакуль не набярэцца.
Мухi раз-пораз з цiхiм гудзеннем наляталi на металiчную сетку дзвярэй. Кававы агрэгат за спiнай буфетчыцы запыхкаў парай, i жанчына, не азiраючыся, працягнула руку назад i выключыла яго.
Па абочыне шашы iшоў чалавек. Убачыўшы грузавiк, павярнуў да яго. Не спяшаючыся, падышоў, крануў рукой блiскучае крыло i зiрнуў на наклейку на ветравым шкле: "Пасажыраў браць забаронена". Ён намерыўся ўжо iсцi далей сваёй дарогай, але раптам перадумаў i сеў на падножку грузавiка, якая была схавана ад бара кабiнай. З выгляду яму было не болей за трыццаць. Цёмна-карыя вочы з жаўтаватымi бялкамi, рэзкiя шырокiя скулы, дзве глыбокiя маршчыны на шчоках i па кутках рота. Верхняя губа ў яго выцягнулася, бо зубы выдавалiся наперад, а ён стараўся трымаць рот закрытым. Рукi былi агрубелыя, з шырокiмi пальцамi i тоўстымi, цвёрдымi, як створкi ракавiнак, пазногцямi. На западзiне памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi i на падушачках далоняў святлелi мазалi.
На iм было ўсё новае - новае i таннае. Брылёк шэрай кепкi не паспеў яшчэ пагнуцца, гузiк на ёй яшчэ не адарваўся. Кепка не страцiла формы, не абвiсла, як бывае, калi служыць дадаткова яшчэ i сумкай, i ручнiком, i насоўкай. Танны гарнiтур з шэрай шорсткай баваўнянай тканiны таксама быў такi новы, што на штанах трымалася складка. Сiняя кашуля была гладкая i каляная ад яшчэ не вымытага крухмалу. Пiнжак мехавата вiсеў на iм, штаны былi не па росце, кароткiя, а ён чалавек быў высокi. Плечавыя швы апускалiся занiзка, але рукавы ўсё роўна не даставалi да запясцяў, а крыссе пiнжака матлялася на жываце.
