
- Дзякуй, дружа, - сказаў ён. - А то капыты мае забаставалi.
- Новыя чаравiкi, - прамовiў шафёр. У голасе ў яго была тая ж змоўнiцкая хiтрынка, што i ў позiрку. - Хiба ж можна пускацца ў дарогу ў новых чаравiках, ды яшчэ такой спёкай!
Чалавек глянуў на свае запыленыя жоўтыя чаравiкi.
- Другiх не было, - сказаў ён. - Што ёсць, тое i носiш.
Шафёр уважлiва паглядзеў праз ветравое шкло на дарогу i крыху павялiчыў скорасць.
- Далёка выбраўся?
- Ага. Я асiлiў бы дарогу да канца, каб капыты не забаставалi.
Шафёр распытваў яго так, быццам вёў тонкi допыт. Закiдваў сеткi, ставiў пасткi.
- Шукаеш працы?
- Не. У майго старога тут участак - сорак акраў. Ён арандатар-здольнiк, але сям'я наша даўно ўжо ў гэтых месцах.
Шафёр шматзначна паглядзеў на палi ўздоўж дарогi, на палеглую, занесеную пылам кукурузу. З-пад пласта пылу сям-там вызiраў дробны пясчанiк. Шафёр сказаў быццам сам сабе:
- Так i сядзiць на сваiх сарака акрах? I пыл яго не засыпаў, i трактары не сагналi?
- Апошнi час я з дому вестак не меў.
- Значыць, даўнавата не меў, - сказаў шафёр. У кабiну заляцела пчала i з гудзеннем пачала бiцца аб ветравое шкло. Шафёр працягнуў руку i асцярожна пасунуў пчалу да акенца кабiны, i там яе падхапiў вецер. - Здольнiкам цяпер хана, - зноў загаварыў шафёр. - Адным трактарам адразу дзесяць сем'яў зганяюць. Трактары такога нарабiлi! Заворваюць участак, а арандатара - прэч. Як гэта толькi стары твой утрымаўся? - Яго язык i скiвiцы зноў занялiся забытай ужо гумкай, сталi жаваць яе i перакiдваць з боку на бок. Кожны раз, як ён адкрываў рот, мiж губамi ў яго вiдаць быў язык, якi ганяў гумавую жвачку з месца на месца.
