
- Я даўно не меў вестак з дому. Сам пiсаць не люблю, бацька таксама не аматар. - Пасажыр паспешлiва дадаў: - Але пiсаць мы ўмеем, была б толькi ахвота.
- Працаваў дзе-небудзь? - Зноў такi ж дапытлiвы, хiтравата дагодлiвы i быццам абыякавы тон. Шафёр зiрнуў на палi скрозь паветра, якое трымцела ад спёкi, i, засунуўшы гумку за шчаку, каб не перашкаджала, плюнуў у акно.
- Канешне, працаваў, - адказаў пасажыр.
- Так я i думаў. Па руках вiдаць - мазолiстыя. Кiрка цi сякера, а то i кувалда. Я такое заўважаю. Ганаруся гэтым.
Пасажыр пiльна паглядзеў на шафёра. Колы грузавiка, коцячыся па шашы, напявалi сваю бясконцую песню.
- Цябе яшчэ што-небудзь цiкавiць? Дык я раскажу. Чаго табе дарма галаву ламаць.
- Ну вось, ужо i зазлаваў. Я ў чужыя справы не соваюся.
- Я сам усё раскажу. Мне таiць няма чаго.
- Ды кiнь ты, не злуй. Проста я люблю да ўсяго прыглядацца. Хутчэй час iдзе.
- Я ўсё раскажу. Зваць мяне Джоўд, Том Джоўд. Бацька таксама Том Джоўд. Вочы пасажыра заслала смугой, калi ён глянуў на шафёра.
- Кiнь злаваць. Я гэта проста так.
- Я таксама проста так, - сказаў Джоўд. - Стараюся жыць цiха, нiкога не крыўдзiць. - Ён змоўк, паглядзеў на сухiя палi, на змардаваныя спёкай купкi дрэў, што вiднелiся ўдалечынi скрозь гарачае паветра. Тады дастаў з бакавой кiшэнi капшук i паперу i скруцiў цыгарку - мiж каленяў, там не так цягнула ветрам.
Шафёр жаваў скiвiцамi мерна i задумлiва, як карова. Ён моўчкi чакаў, калi згладзiцца ўражанне ад таго, што было сказана, i ледзь толькi пачуццё няёмкасцi рассеялася, сказаў:
