Гэта была жудасная ноч. Аблiты потам, я задыхаўся. На свiтаннi ўзяў чамадан i паплёўся на пляцоўку. Я спадзяваўся, што, з'явiўшыся ў такi нялюдскi час, пападу адным з першых. Аднак iншыя пасажыры разважалi гэтак жа, i яшчэ нiколi я не далучаўся да такой даўжэзнай чаргi. Выстаяўшы гадзiны тры i дабраўшыся да будкi, я сказаў вартаўнiку тонам бывалага пасажыра:

- Вы мяне ўжо бачылi.

- На якi рэйс?

- На аб'яднаны.

Ён мяне прапусцiў. Цяпер мне трэба было знайсцi кантору ККК. "Паўночна-заходнi канец поля", - даў адрас Франк... Я прабаваў арыентавацца, як умеў... Сонца хавалася ў тумане, але расплывiстая пляма цьмянага святла паказвала, дзе яно прыблiзна знаходзiцца. Я перайшоў цераз iмшыстую нiзiну, дзе сярод чахлага трысця i нiзкарослага хмызняку варушылiся слiмакi i жабы. Нарэшце я заўважыў адзiнокi будынак з чырвонай цэглы, на якiм выдзялялiся тры белыя лiтары "ККК". Дом быў невялiкi, звычайны, службовы, накшталт тых, што будуе ведамства мастоў i дарог на французскiх станцыях. З адчаем убачыў я, што, нават i ў гэтым глухiм кутку, перад дзвярамi варушылiся сотнi наведвальнiкаў; некаторыя з iх горка плакалi.

Не буду апiсваць гэта новае чаканне. Я так стамiўся, што не меў сiлы нi скардзiцца, нi пакутаваць. Калi надышла мая чарга, я апынуўся ў крэсле перад сталом, а насупраць сядзела дзяўчына ў шэра-блакiтнай унiформе. Яна не была прыгожай нi з твару, нi з фiгуры, валасы, зачасаныя без прэтэнзiй; але я заўважыў, што, прымаючы майго папярэднiка, увiхалася спрытна i шпарка. Вiдаць, яна не належала да той катэгорыi служачых, што чэрпаюць асалоду, ставячы перашкоды i ўскладняючы становiшча.

- Вы гаворыце, што бачылi пана Франка?.. У вас ёсць накiраванне ад яго?

- Ёсць. Калi ласка.

- Добра... Пагляджу... Значыць, вы просiце вiзу на часовы прытулак... Колькi часу, думаеце, спатрэбiцца вам, каб... я не кажу, забыць, а каб аслабiць гэту сувязь? Дваццаць год? Трыццаць год?



10 из 13