
Я ўявiў сябе зноў выкiнутым у зеленаваты туман, у натоўп, у штурханiну, на шумныя вулiцы незнаёмага горада, у жалезны бразгат i скрогат; убачыў, як змораны, з чамаданам у руках, блукаю без надзей, без прыстанiшча, без сiлы... Жах агарнуў мяне, i я пачаў прасiцца:
- Калi ласка... Знайдзiце хоць якi-небудзь шанс. Вы чалавек разумны. Вы ж ведаеце, як мне трэба пасля столькiх пакут перабрацца ў iншы свет. Я стамiўся. Дайце мне спакой. Калi ва мне яшчэ жыве якая-небудзь страсць, дазвольце мне самому патушыць яе, мне памогуць разлука, час... толькi не выкiдайце мяне ў гэтыя змрочныя абшары... Не выкiдайце.
Пан Франк са спагадай глядзеў на мяне сваiмi цяжкiмi вачамi, пад якiмi вiселi пухлыя мяшкi; ён пакручваў у пальцах аловак i нейк дзiўна прыцiскаў яго да нiжняй губы.
- Лепш за ўсё вам падыдзе, - прамовiў ён павучальным тонам, - транзiтная вiза ў Лiмб*.
* Лiмб - мясцiна на тым свеце для праведнiкаў дахрысцiянскай эры i няхрышчаных дзяцей (у католiкаў).
- Калi гэта вырашае маю праблему, чаму ж, я згодзен.
- Гэта б вырашала вашу праблему, але, на жаль, ад мяне не залежыць.
- А ад каго залежыць?
- Ад ККК... Камiсii Каматознасцей i Каталепсiй.
- О госпадзi! А дзе яна знаходзiцца?
- Невялiчкi асобны будынак у паўднёва-заходнiм канцы поля.
Ён зiрнуў на гадзiннiк:
- Але вы не паспееце туды да закрыцця.
- Што ж мне рабiць?
- Вярнуцца ў горад... Прыйсцi заўтра.
- У мяне сiл няма.
- Ну так, ну так... Усе вы на гэта спасылаецеся... I будзеце хадзiць дзесяць дзён, дваццаць дзён... Наступны!..
* * *
I вось я зноў апынуўся на балоцiстай сумнай пляцоўцы, якую агортвалi адразу ноч i туман. Iзноў пачаў шукаць амаль вобмацкам у вiльготнай цемры прахадную будку. Iзноў трамвай са скрогатам даставiў мяне ў душны пакой, у якiм мiгаценне светлавой рэкламы i грукат электрычкi не давалi заснуць.
