З гэтай хвiлiны наш рух стаў страшэнна марудны. Жанчына, што iшла перада мной, азiрнулася, i я ўбачыў яе гладкiя, кранутыя сiвiзной, валасы i вочы iрландкi, прыгожыя i мяккiя. Яна больш не гневалася i ўсмiхалася мне, нiбы казала: "Усё гэта вельмi цяжка, але мы з вамi людзi мужныя i будзем цярпець без нараканняў".

Пратупаўшы на месцы добрую гадзiну, яна захiсталася:

- Я так рана ўстала сёння - сiл не хапае.

- А вы сядзьце на мой чамадан, - параiў я жанчыне.

Ставячы на зямлю чамадан, я раптам адчуў, што ён занадта лёгкi.

- Ах, божа мой! - спалохана крыкнуў я. - Нi аўтаручкi, нi тапачак! Я ж iх забыў пакласцi...

I бягом кiнуўся ў горад. Чаму я так спяшаўся? Хто мяне там чакаў? I куды было бегчы? Я не ведаў.

* * *

Як я адшукаў дарогу ў гэтым незнаёмым горадзе? I якiм чынам я заняў нумар у невялiчкай гасцiнiцы па суседству з аэрапортам? Вагоны электрычкi мчалiся паўз мае вокны з жалезным скрогатам; каляровыя агнi рэклам рытмiчна ўспыхвалi, мiгацелi i пералiвалiся. Сваю аўтаручку я знайшоў на стале, тапачкi пад ложкам. Я ўкiнуў iх барзджэй у чамадан разам з кнiгамi, брытвай, пiжамай i пусцiўся бегчы назад. Гiганцкi аўтобус спынiўся ўздоўж высокага тратуара, дзе пахаджала партовая палiцыя з рэвальверамi на белых паясах. Я ўскочыў у аўтобус. Праз дзесяць хвiлiн я вылез недалёка ад стракатай людской калоны перад агароджай пасадачнай пляцоўкi.

Яшчэ раз я павiнен быў перацярпець мучэнне павольнага руху. Калi гадзiны праз дзве я наблiзiўся крыху да агароджы, я зразумеў, чаму мы не маглi пасоўвацца хутчэй. На пляцоўку можна было папасцi толькi праз будку, каля якой стаяў вартаўнiк. Так што калона, метраў за сто ад будкi, выцягвалася ў шнур. Нарэшце перада мной аказалася ўсяго шэсць чалавек. Цяпер я мог разглядзець твар вартаўнiка. Гэта быў адзiн з тых непадкупных здаравякоў-тупiц, якiмi карыстаецца любая ўлада... Тры... Два... Апошнi... Вось i мая чарга. Я стаяў адзiн перад дубiнай-дзецюком.



4 из 13