- На якi рэйс? - запытаў ён.

- А хiба тут некалькi рэйсаў?

- А то як жа, - адказаў ён спакойна. - Рэйс каталiцкi, рэйс англiканскi, рэйс прэсвiтэрыянскi, рэйс баптысцкi, рэйс мармонскi...

- У вас што, рэйсы ў залежнасцi ад веравызнання?

- Не затрымлiвайце! Хутчэй! На якi рэйс?

- А калi пасажыр атэiст? Хiба ў вас няма рэйсаў для няверуючых?

- Ёсць, - прамовiў, здзiвiўшыся, вартаўнiк, - але я вам не раю. Гэта кароценькi маршрут, нядаўна адкрыты, дрэнна арганiзаваны... Калi вы жадаеце пытанне веры звесцi да мiнiмуму, прапаную ўнiтарную лiнiю, аб'яднаны рэйс... чыста, дагледжана, мадэрн...

За мною бунтавалася чарга.

- Ёсць жа людзi, - бурчаў дробненькi дзядок, - што каля самых дзвярэй будуць вам разводзiць тары-бары, а ты тут хоць да ночы стой.

Я пачырванеў i сказаў вартаўнiку:

- На аб'яднаны, калi ласка.

- Цэнтральны будынак... Паўднёвае крыло... Наступны!

* * *

Усё было так, як растлумачыў вартаўнiк. Памяшканне ўнiтарнай лiнii мне здалося i дагледжаным i ўтульным. Канвеерная актыўнасць панавала ўсюды. Лакiраваныя драўляныя стойкi, безлiч папак з ярлыкамi i рэгiстрацыйнымi лiсткамi, якiя спрытна, у дзве рукi, перабiралi служачыя самых розных колераў скуры. Карты, утыканыя малюпасенькiмi мадэлямi самалётаў, вялiзныя афiшы кубiстаў з надпiсам "Ляцiце аб'яднаным рэйсам!" i некалькi прыгожых дзяўчат у чорнай унiформе, якiя сустракалi пасажыраў. Адна з iх падышла да мяне i запытала:

- У вас ёсць вiза на вылет?

- Якая вiза?

Я не ведаў...

Яна ўздыхнула i ласкава папрасiла:

- Звярнiцеся да пана Фразера.

Пан Фразер, магутны мужчына ў чорным, нагадаў мне капелана ў амерыканскiм унiверсiтэце - тая ж сiлiшча.



5 из 13