
Вакол мяне коўзалiся кучкамi ашалелыя пасажыры.
Вось ён будынак Б - небаскроб, i лiфт падняў мяне на трыццаць чацвёрты паверх. Перад пакоем 3454 - даўжэзны хвост мужчын i жанчын. Я цярплiва стаў у чаргу. На гэты раз людзi пакутавалi ў два этапы. Спачатку трэба было выстаяць, не прысядаючы, у цёмным калiдоры, потым, у пярэдняй пана Франка, дзе было штук дваццаць крэслаў, людзi садзiлiся ў рад. Матавае шкло аддзяляла iх ад iнспектара, якi час ад часу выгукваў: "Наступны!" Тады блiжэйшы падымаўся, а ўсе астатнiя перасоўвалiся ланцужком. Перада мной была маладая дама ў футравым манто, яна выцiрала слёзы. Нарэшце яе выклiкалi, i праз хвiлiну яна вярнулася. Калi жанчына выходзiла, мне здалося, што яна трошкi павесялела. За матавым шклом пачуўся голас:
- Наступны!
Я ўвайшоў.
За белым драўляным сталом сядзеў мужчына без пiнжака, з тлустым тварам, iнтэлiгентны. Ён абуджаў давер'е; я мiжвольна паставiў чамадан на стол i пачаў яго адмыкаць. Але ён усмiхнуўся:
- Не, ваш багаж мяне не цiкавiць... Мая задача - правяраць тое, што вы прынеслi ў сабе: успамiны, пачуццi, страсцi...
- Яно, калi па закону...
- Па закону, - перабiў ён, - вы маеце права мець строга абмежаваную колькасць успамiнаў, прычым толькi лёгкiх... Ваш узрост?
- Шэсцьдзесят пяць гадоў.
Ён зiрнуў у таблiцу i адзначыў лiчбу:
- У вашым узросце колькасць iх зменшана. Вам дазваляецца: крыху чуллiвасцi, некаторая цiкавасць да мастацтва, адна-дзве прыхiльнасцi сямейнага характару, разбаўленыя моцным эгаiзмам, i гэта амаль усё... Вось вам спiсак забароненых пачуццяў. Вазьмiце, пазнаёмцеся i скажыце мне, калi што ў вас ёсць.
- Фанабэрыя i славалюбства? Не, фанабэрыi ў мяне няма... Можа, калiсьцi я i шукаў славы, але, дасягнуўшы вяршынь, пераканаўся, што радасцi яна не дае. З гэтым пакончана.
