
Яго прафесiйная ветлiвасць мне здалася зусiм натуральнай.
- Нам прыемна, нам вельмi прыемна прымаць нашых дарагiх гасцей, - прамовiў ён пявучым голасам. - Нашы клiенты - гэта нашы сябры. Нашы сябры - гэта нашы клiенты. Усё часцей i часцей iнтэлiгентныя людзi карыстаюцца аб'яднаным рэйсам.
- Якраз гэтага я i хачу, - згадзiўся я. - Але вось тут маладая асоба патрабуе вiзу на вылет.
- Абавязкова, iначай нельга, абавязкова, - сказаў ён. - Дастаньце вiзу на вылет, астатняе зробiм мы.
- Але ў каго ж мне яе прасiць? Якiя патрэбны захады?
У гэты момант на стале зазванiў тэлефон.
- Калi ласка, адну хвiлiначку, - спакойна спынiў мяне пан Фразер i, зняўшы трубку з правага тэлефона, загаварыў па-ангельску:
- Так, доктар... Так, доктар... Яшчэ дзесяць... Добра, доктар, добра, вы не пакiдаеце нас без работы... Праявiць да iх належны клопат?.. Праявiм, доктар, ручаюся.
Ён паклаў адну трубку i ўзяў другую, з левага боку, дзе таксама званiў тэлефон:
- Пяцьдзесят? Цудоўна, палкоўнiк... Разумею... У якiх чынах? Звычайныя салдаты? Разумею... Мы паспрабуем iх трымаць групай... Дзякуй, палкоўнiк, што не забываеце нас. Да вашых паслуг... Маё шанаванне, палкоўнiк...
Пасля гэтага ён пачаў гаварыць у два тэлефоны адразу, i мне здалося, я пачуў сваё iмя.
- Вы не можаце яго агледзець пасля дванаццацi? - запытаў ён у тэлефон. Ну так, ён спяшаецца... Чаму? Вы ж ведаеце, Франк, звычайная гiсторыя. У шаснаццаць гадзiн? Добра... Дзякуй, Франк! За мной ваша не прападзе.
Потым, паблажлiва павярнуўшыся да мяне, растлумачыў:
- Iдзiце ў будынак Б, першае крыло, пакой 3454, i папрасiце пана Франка, каб вас агледзеў. Вядома, давядзецца пачакаць, але вас ён прыме сёння... Ён мне абяцаў... Калi ласка... Нам вельмi прыемна, што вы з'явiлiся да нас.
Падышла дзяўчына ў чорнай унiформе. Ён рашуча падняўся, i гэта быў знак, што размова скончана.
* * *
З вялiкай цяжкасцю я знайшоў будынак Б. Каб туды дабрацца, трэба было iсцi вузенькай сцежкай, плюхаючы па гразi, i жаўтаваты туман зноў апусцiўся на пляцоўку.
