Ды мяркуйце хоць бы па маёй задаволенасцi. Я быў зачараваны сваёю натурай, а ўсе мы ведаем, што якраз у гэтым i ёсць шчасце, хоць часам, дзеля ўзаемнага супакаення, мы ганiм гэтую ўцеху i называем яе эгаiзмам. Я ж упiваўся ёю, я быў зачараваны, прынамсi, тою часткай сваёй натуры, якая так спраўна, так безадмоўна i так чуллiва рэагавала на сiротак i ўдоў, што з цягам часу разраслася i запанавала над усiм маiм жыццём. Мне, напрыклад, было невыказна прыемна пераводзiць сляпых цераз вулiцу. Калi яшчэ здалёк я заўважаў нерашучы кiёк, якi вагаўся на беразе ходнiкаў, я кiдаўся наперад, абганяў усiх, часам усяго на нейкую секунду выпярэджваў ужо працягнутую спачувальную руку, каб мой сляпы не мог пакарыстацца нiчыёй iншаю спагадай, апроч маёй, i мяккай, але ўпэўненай рукою вёў яго па пераходзе, мiнаючы ўсе перашкоды руху, да цiхай гаванi другiх ходнiкаў, дзе мы расставалiся з узаемнай удзячнасцю i хваляваннем. Гэтаксама я любiў дагадзiць патрэбнаю даведкай незнаёмаму мiнаку на вулiцы, падаць запалкi, падвесцi цяжкую каляску цi падштурхнуць раптам заглухлы аўтамабiль, я заўжды купляў газеты ў сябраў Армii грамадскага ратунку цi кветкi ў старой гандляркi, хоць ведаў, што яна iх крадзе на Манпарнасаўскiх кладах. Я любiў - ах, гэта нават цяжка выказаць! - як я любiў даваць мiласцiну! Адзiн мой прыяцель, сапраўдны хрысцiянiн, прызнаваўся, што першае пачуццё, якое ён адчувае, калi бачыць, як да яго дзвярэй iдзе жабрак, пачуццё прыкрасцi. У мяне ж было нешта горшае: я трыумфаваў! Але пакiнем гэта.

Пагаворым лепей пра маю далiкатнасць. Яна была агульна прызнаная i бясспрэчная. Мая ветласць, сапраўды, несла мне адны ўцехi.



11 из 90