Калi ранкам мне шчасцiла саступiць сваё месца ў аўтобусе або ў метро таму, хто меў у гэтым патрэбу, калi я мог падняць аброненую старой кабетай рэч i вярнуць ёй яе з сваёй звычайнаю ўсмешкай цi проста - саступiць таксi таму, хто, можа быць, спяшаўся болей за мяне - увесь мой дзень асвячаўся гэтаю ўдачай. Трэба сказаць, мяне радавалi нават тыя днi, калi баставаў гарадскi транспарт, бо тады ў мяне ўзнiкала магчымасць падсадзiць у сваю машыну некалькi няшчасных суайчыннiкаў, якiя тлумiлiся на прыпынку, не ведаючы, як iм дабрацца дадому. Аддаць сваё крэсла ў тэатры, каб дазволiць каханаму сесцi побач з каханай, пакласцi ў вагоне валiзку маладзенькай дзяўчыны на палiцу, занадта высокую ёй, - усе гэтыя i падобныя подзвiгi я рабiў часцей за другiх, таму што пiльней лавiў кожны выпадак i таму што яны дарылi мне большую асалоду.

Мяне лiчылi за чалавека шчодрага i велiкадушнага, i я сапраўды быў такi. Я многа ахвяраваў як на грамадскiх пачатках, так i па прыватных матывах. I я нiколi не шкадаваў, калi мне трэба было расстацца з нейкаю рэччу або пэўнаю сумай грошай. Наадварот - я знаходзiў у гэтым трывалыя ўцехi, не сама меншай з якiх была лёгкая меланхолiя, што нараджалася ўва мне, калi я прадбачыў бясплённасць сваiх дароў i верагодную няўдзячнасць, якую яны напаткаюць. Я настолькi любiў даваць, што ненавiдзеў, калi гэта трэба было рабiць з нейкага абавязку. Педантычнасць, дакладнасць у справах, што маюць дачыненне да грошай, мяне заўжды прыгняталi, i я падпарадкоўваўся iм з вялiкаю прыкрасцю. Я хацеў адчуваць сябе адзiным гаспадаром сваёй дабрадзейнасцi.

Усё гэта, вядома, толькi дробныя штрыхi да маёй бiяграфii, але яны дапамогуць вам зразумець, якую трывалую асалоду я знаходзiў у сваiм жыццi i асаблiва ў сваёй прафесii. Быць, напрыклад, перастрэтым у калiдоры Палаца правасуддзя жонкай якогась падсуднага, якога ты абараняў толькi ў iмя справядлiвасцi або праз шкадаванне, што значыць-бясплатна; пачуць, як гэтая кабета лапоча, што нiчым, далiбог, нiчым



12 из 90