Калi ж цяпер я вам скажу, што не меў нiякай прыхiльнасцi да рэлiгii, вы яшчэ лепей убачыце, наколькi дзiўнае i незвычайнае было такое перакананне. Так цi iнакш, было яно звычайнае цi не, але яно доўга дапамагала мне ўзвышацца над усiмi дробязямi жыцця. Я лунаў, лiтаральна лунаў у паднябёснай вышынi цэлымi гадамi, пра якiя, па праўдзе сказаць, i цяпер яшчэ захоўваю шкадаванне ў душы. Я лунаў да таго самага вечара, калi... Але не, гэта ўжо зусiм iншая гiсторыя, i яе трэба забыць. Зрэшты, я, можа быць, перабольшваю. Мне паўсюль пачувалася добра, што праўда, то праўда, але я нiчым не мог задаволiцца. Кожная здабытая радасць прымушала мяне шукаць новую. Я лётаў са свята на свята, з балю на баль. Здаралася, я танцаваў цэлую ноч i ўсё болей шалеў ад людзей i жыцця. I часам, вельмi позна ўначы, сярод скокаў, на лёгкiм падпiтку, калi я адчуваў сябе ўжо зусiм раскавана i ахунаўся ў нейкае млявае, радаснае i чароўнае забыццё, мне на iмгненне здавалася, што з глыбiнi маёй поўнай знямогi да мяне выплывае разгадка ўсiх таямнiц i сакрэтаў сусвету. Але назаўтра знямога праходзiла, i разгадка - знiкала; усё пачыналася зноў. Вось так я ганяўся за ўцехамi, заўсёды iх здабываў, але нiколi не наталяўся, я не ведаў, дзе мне спынiцца, - да таго самага дня цi, дакладней, вечара, калi раптам абарвалася музыка i пагаслi агнi. Той баль, дзе я быў шчаслiвы... Але дазвольце, я гукну нашага сябра-прымата. Кiўнiце яму ў знак удзячнасцi, а цяпер - што галоўнае - выпiце разам са мною, мне вельмi патрэбна вашае спачуванне.

Як бачу, мае словы вас крыху здзiўляюць? Няўжо ў вас нiколi не ўзнiкала патрэбы ў нечым спачуваннi, у чыёйсьцi дапамозе, дружбе? Узнiкала, вядома. А я навучыўся задавальняцца адным спачуваннем. Яго прасцей знайсцi, i потым - яно нi да чога не абавязвае. "Паверце, я вам вельмi спачуваю", - кажаце вы, а самi адразу думаеце: "Ну, досыць, цяпер пара заняцца iншымi справамi". Дарэчы, гэта дзяжурныя фразы ў старшынi ўрада: на iх ён не скупiцца нiколi, асаблiва пасля нацыянальнай катастрофы.



17 из 90