А вось з дружбай - зусiм не так проста. Здабываць яе даводзiцца доўга i цяжка, але калi яна ёсць, яе ўжо нельга пазбыцца, за яе трэба плацiць. Вы толькi не думайце, што вашы сябры будуць званiць вам штовечар, няхай i павiнны былi б гэта рабiць - хоць бы дзеля таго, каб даведацца, цi не той гэта вечар, калi вы вырашылi пакончыць жыццё самагубствам цi, можа, проста - хочаце з iмi пабачыцца або прагуляцца. Не-не, крый божа, калi яны i пазвоняць, дык толькi тады, калi вы будзеце не адзiн i свет вам будзе здавацца чароўным. А на самагубства - на самагубства яны самi вас падштурхнуць, бо, на iх думку, для вас гэта будзе святы абавязак i найлепшае выйсце. Ратуй нас неба, шаноўны пане, каб нашыя сябры былi пра нас такой высокай думкi! Што ж да тых, хто абавязаны нас любiць, - я маю на ўвазе бацькоў i тых, з кiм мы павянчаныя (а слова якое, га!), - дык тут зусiм iншая песня. Гэтыя заўсёды маюць патрэбнае слова, нават не слова - кулю! Яны вам звоняць так, нiбы страляюць з карабiна. I цэляць заўсёды лучна. Вось хто сапраўдныя здраднiкi!

Што? Якi вечар? Ах, той! Чакайце, я яшчэ дайду, са мною спяшацца не трэба. Зрэшты, усё, што я кажу пра нашых сяброў i крэўных, ужо, пэўным чынам, датычыцца гэтай гiсторыi. Неяк мне расказалi пра аднаго чалавека, сябар якога сеў у турму. Дык уявiце сабе, кожны вечар гэты небарака клаўся спаць на падлозе, каб пазбавiць сябе тых выгод, якiх не меў той, каго ён любiў! Скажыце, шаноўны, хто будзе спаць на падлозе за вас? Ды цi сам я здольны на гэта? Паверце, я хачу быць здольным, i я буду. Мы ўсе некалi будзем здольныя на гэта, i ў гэтым будзе наш ратунак. Але гэта нялёгка. Нялёгка, бо дружба няўважлiвая цi, прынамсi, бяссiльная. Яна б i хацела, але не можа. Цi, можа быць, яна не так ужо моцна хоча? Можа быць, мы не так ужо моцна любiм жыццё? Вы заўважалi, што толькi смерць абуджае нашы пачуццi? Як мы любiм сяброў, што пакiнулi нас назаўжды! Як захапляемся мы вялiкiмi майстрамi, якiя ўжо змоўклi навекi, бо iх рот набiты зямлёй! Пахвала тады сама зрываецца ў нас з языка, тая пахвала, якую яны, мабыць, чакалi ад нас усё жыццё.



18 из 90