У мяне ж не было i гэтага апраўдання. Я зусiм не нудзiўся - я панаваў. А ў той памятны вечар, магу вам сказаць, я нудзiўся меней за ўсё. Не, праўда, я абсалютна не хацеў, каб нешта адбылося. I тым не менш... Уявiце сабе такi цiхi восеньскi вечар, калi над горадам яшчэ дзьме цёплы ветрык, а над Сенай ужо ўздымаецца вiльготная прахалода. Надыходзiла ноч, яшчэ светлае на захадзе неба змрачнела, цьмяна блiскалi лiхтары. Я iшоў па набярэжнай да моста Мастацтваў. Памiж зачыненых латкоў букiнiстаў мiгцела сваiмi хвалямi рака. На набярэжнай было амаль бязлюдна: Парыж сеў за вячэру. Я таптаў нагамi пыльнае жоўтае лiсце, якое нагадвала пра нядаўняе лета. Неба пакрысе напаўнялася зорамi. Яны загаралiся раптам, калi я адыходзiў ад чарговага лiхтара, i хутка зноў гаслi. Я ўпiваўся цiшынёю i вячэрнiм спакоем апусцелага горада. Я быў задаволены. Дзень прайшоў вельмi ўдала: мне сустрэўся сляпы, якому я дапамог перайсцi вулiцу, я здолеў памякчыць прысуд аднаму свайму падапечнаму, i той горача пацiснуў мне за гэта руку, я зрабiў яшчэ некалькi велiкадушных учынкаў i за абедам у коле сяброў вызначыўся iмправiзаванай прамовай пра чэрствасць нашых кiраўнiкоў i крывадушнасць элiты.

Я зайшоў на мост Мастацтваў, бязлюдны ўжо ў гэты час, i спынiўся, каб паглядзець на раку, якая ледзь вiднелася ў згусцелым змроку. Я стаяў тварам да статуi Генрыха IV, якраз над самай выспай, i адчуваў, як ува мне расце бязмежнае пачуццё сваёй усемагутнасцi i, я б нават сказаў, нейкай завершанасцi. Я ўжо збiраўся быў запалiць цыгарэту, як гэта часта бывае ў хвiлiну задавальнення, але раптам за спiнаю ў мяне прагучаў смех.



22 из 90