Здзiўлены, я рэзка павярнуўся - нiкога. Я кiнуўся да парэнчаў - на рацэ не было нi чоўна, нi баркi. Я зноў зiрнуў на выспу, i зноў пачуў за спiнаю гэты смех, але цяпер ужо больш далёкi, нiбы яго зносiла плынню. Я стаяў, нерухомы. Смех цiшэў, але я чуў яго вельмi, выразна, ён ляцеў знiадкуль, з пустаты. Цi, можа быць, з хваль? Я адчуваў, як шалёна тахкае маё сэрца. Але зразумейце мяне правiльна, у гэтым смеху не было нiчога таемнага, гэта быў звычайны, добры смех, абсалютна натуральны i амаль сяброўскi, якi ўсё ставiць на сваё месца. Зрэшты, хутка ён ужо сцiх. Я спусцiўся на набярэжную i пайшоў па вулiцы Дафiн. Купiў зусiм не патрэбныя мне цыгарэты. Я быў уражаны, уражаны настолькi, што мне нават дыхалася цяжка. Вярнуўшыся дахаты, я пазванiў свайму прыяцелю, але той ужо некуды пайшоў. Я сам хацеў быў пайсцi куды-небудзь, калi раптам пачуў смех пад акном. Я адчынiў аканiцы. На ходнiках стаяла моладзь, яны весела смяялiся, развiтваючыся пасля пагулянкi. Я зачынiў акно i пацiснуў плячыма; нарэшце, мне было што рабiць - трэба было пагартаць адну новую справу. Я пайшоў у ванны пакой, каб выпiць халоднай вады. Мой адбiтак у люстры ўсмiхаўся, але мне падалося, што ў гэтай усмешцы ёсць нешта няшчырае...

Што? Ах, прабачце, гэта я падумаў пра iншае. Убачымся з вамi заўтра, дамовiлiся? Ну, значыць, да заўтрага. Не-не, цяпер я застацца, на жаль, не магу. Бачыце, вунь там мяне клiча гэткi буры мядзведзь? Я абяцаў яму даць кансультацыю. Слаўны хлопец, далiбог, а палiцыя ўвесь час да яго чапляецца, i толькi праз сваю гнюснасць i мярзотную звычку. Вы лiчыце, што ў яго пыса забойцы? Будзьце ўпэўнены, яго пыса цалкам адпавядае яго прафесii. Ён сапраўды някепскi грабежнiк, i вы здзiвiцеся яшчэ больш, калi я скажу, што гэты пячорны чалавек выдатна разбiраецца ў жывапiсе i падпольна гандлюе карцiнамi. У Галандыi ўсе спецыялiсты ў жывапiсе цi ў гадоўлi цюльпанаў. А гэты, дарэчы, нягледзячы на свой сцiплы выгляд, - аўтар сама нашумелага ў апошнi час крадзяжу.



23 из 90