Сёння ўвечары я таксама нешта не ў форме. Нават словы не клеяцца. Дый усё атрымлiваецца, па-мойму, не вельмi пераканаўча. Гэта ўсё праз надвор'е, пэўна. Дыхаецца кепска, i паветра такое цяжкае, што проста цiсне на грудзi. Вы не запярэчыце, калi я прапаную вам трошкi прайсцiся па горадзе? Не? Ну, вось дзякуй.

Якiя ўсё ж прыгожыя каналы па вечарах! Мне падабаецца, калi з iх павявае застойнай вадою, пахам цвiлага лiсця, што мокне ў канале, i пахавальным водарам кветак, якiмi завалены баркi. Не-не, паверце, у маёй прыхiльнасцi да гэтых пахаў няма нiчога паталагiчнага. Я проста змiрыўся з iмi. Дый, сказаць праўду, я i каналамi захапляцца сябе прымушаю. А па-сапраўднаму я больш за ўсё люблю Сiцылiю - тут вы мяне разумееце, - асаблiва калi стаiш на вяршынi Этны i ўсё вакол залiта святлом, а перад табою адкрываецца ўся выспа i мора. Яшчэ люблю Яву, але толькi ў перыяд пасатаў. У маладосцi я там бываў. Дый наогул люблю ўсе выспы. На iх лягчэй панаваць.

Якi прыгожы дом, праўда? А вунь, бачыце, там дзве галавы - гэта галовы мурынаў-нявольнiкаў. Нешта накшталт шыльды. Раней гэты дом належаў гандляру рабамi. О, у той час нiхто не хаваў сваiх сакрэтаў! Дужыя былi людзi, шчыра так i казалi: "Вось мая хата, заходзьце, я гандлюю рабамi, прадаю чорнае мяса". Вы можаце сабе ўявiць, каб нехта сёння мог адкрыта прызнаць, што ён займаецца падобнымi справамi? Якi скандал! Я ўжо адсюль чую, што б сказалi мае браточкi ў Парыжы. У такiх пытаннях яны няўмольныя, яны б адразу, без усялякiх ваганняў, выдалi два цi тры манiфесты, а то, можа, i болей! Па развазе, бадай, i я б прыклаў сваю ручку. Рабства? Не-не, як можна! Мы супраць! Праўда, мы вымушаны мiрыцца з iм у сям'i цi, скажам, на заводах, але так ужо яно заведзена. Але каб хвалiцца - гэта занадта!

Я разумею, што немагчыма абысцiся без таго, каб не ўладарыць цi не мець каго-небудзь у сваiм паслушэнстве.



25 из 90