
Я сапраўды, мой дарагi суайчыннiк, шчыра вам удзячны за вашу цiкаўнасць. Але, далiбог, у маёй гiсторыi няма нiчога незвычайнага. I калi вы так ужо хочаце ведаць усё да канца, скажу, што я не доўга памятаў пра той смех, усяго некалькi дзён, а пасля - пачаў забываць. Толькi зрэдку яшчэ мне здавалася, што ён гучыць недзе ўва мне. Але найчасцей я без нiякага намагання думаў пра iншае.
I ўсё-ткi, мушу прызнацца, набярэжных над Сенай я пачаў пазбягаць. А калi мне здаралася праязджаць па iх на машыне або на аўтобусе, нешта замiрала ўва мне. Я, напэўна, чагосьцi чакаў. Але аўтобус пераязджаў цераз Сену, нiчога не адбывалася, i я з палёгкай уздыхаў. На той час у мяне крыху пагоршылася здароўе. Нiчога дакладнага, так - агульная млявасць. Але знайсцi свой звычайны гумор мне ўдавалася цяпер не так лёгка. Я хадзiў да лекараў, тыя выпiсвалi розныя лекi, каб трошкi мяне падбадзёрыць, я падбадзёрваўся, але толькi на час, i потым расклейваўся зноў. Жыццё больш не здавалася мне такiм радасным: калi цела чаўрэе, у душы пасяляецца сум. Мне здавалася, што я ўжо крыху развучыўся рабiць тое, чаму нiколi не вучыўся, але заўсёды так добра ўмеў - я маю на ўвазе ўменне жыць. Але, напэўна, менавiта тады ўсё i пачалося.
