Ну вось, нарэшце нясуць нам нашую ядлаўцоўку. Каб вам добра жылося! Ага, вы бачылi - наш гарыла разявiў рот, ён назваў мяне доктарам. У гэтых краях усе дактары. Цi прафесары. Галандцы любяць паважаць - праз сваю дабрыню цi праз сцiпласць. Зласлiвасць, прынамсi, у iх зусiм не нацыянальная рыса. А я, дарэчы, не лекар. Да прыезду сюды, калi вас гэта цiкавiць, я працаваў адвакатам. А цяпер вось - суддзя-пакаяльнiк.

Але дазвольце ж назваць сваё iмя: Жан-Батыст Кляманс, ваш пакорны слуга. Рады пазнаёмiцца. У вас тут, несумненна, нейкiя справы? Амаль што? Выдатны адказ! I галоўнае - слушны, бо мы ўсе i ва ўсiм усяго толькi "амаль што". Паслухайце, длазвольце я згуляю з вамi ў дэтэктыва. Вы амаль што майго ўзросту, у вас спрактыкаванае вока саракагадовага чалавека, якi амаль што ўсё паспеў зведаць у жыццi, вы амаль што добра апрануты - цi менавiта так, як у нас апранаюцца ўсе, - i нарэшце, у вас гладкiя, дагледжаныя рукi. Значыць... значыць, вы - буржуа, амаль што! I буржуа вытанчаны! Вам непрывычны мае выкручастыя фразы? Што ж, гэта толькi двойчы даказвае вашу высокую культуру, бо, па-першае, вы ўсё-ткi разумееце iх сэнс, а па-другое, яны вас абураюць. I нарэшце, хвалiцца не буду, але, па-мойму, я вас зацiкавiў, а гэта сведчыць пра пэўную шырыню вашага розуму. Прымаючы ж усё сказанае пад увагу, прыходзiм да высновы, што вы - амаль што... Зрэшты, якое гэта мае значэнне? Прафесii мяне цiкавяць меней за секты. Дазвольце, я задам вам пару пытанняў? Калi палiчыце iх нясцiплымi - не адказвайце. Вы багаты? Збольшага? Добра. I вы не падзялiлiся сваiм багаццем з жабракамi? Не. Значыць, вы належыце да тых, каго я называю садукеямi. Праўда, калi вы не чыталi Святога Пiсання, вам гэта наўрад цi што скажа. Нешта гаворыць? Дык вы ведаеце Святое Пiсанне? Слухайце, вы сапраўды вельмi мяне цiкавiце.



4 из 90