
Што ж да мяне... Ну, тут ужо мяркуйце самi. Плячыма, ростам i сваiм, па агульным прызнаннi, лютым тварам я хутчэй нагадваю рэгбiста, праўда? Аднак калi меркаваць па гаворцы, мне нельга адмовiць у пэўнай вытанчанасцi. Поўсць, з якой зрабiлi тканiну на маё палiто, састрыглi, вiдаць, з кароставага вярблюда, затое пазногцi ў мяне дагледжаныя. Чалавек я спрактыкаваны, як i вы, але здаюся на вас без нiякай перасцярогi, цалкам давяраючыся толькi вашаму твару. I нарэшце - нягледзячы на свае добрыя манеры i вычварную мову, я сталы наведнiк матроскiх бараў у Зэйдыку. Але кiньце, можаце не шукаць адказу. У мяне дваiстая прафесiя, вось i ўсё. Як i ўся мая натура наогул. Я ж вам казаў: я - суддзя-пакаяльнiк. Са мною толькi адно проста: у мяне абсалютна нiчога няма. Праўда, раней я быў багаты, але не, я не дзялiўся сваiм багаццем з iншымi. Пра што гэта сведчыць? Што я быў такi самы садукей, як i вы... О! Чуеце - сiрэны ў порце? Сёння ноччу будзе туман над Зэйдэрзее.
Вы ўжо збiраецеся? Прабачце, калi затрымаў. З вашага дазволу я за ўсё заплачу сам. У "Мехiка-Сiцi" вы мой госць, i мне вельмi прыемна вас пачаставаць. Вядома, заўтра я таксама буду тут, як, зрэшты, i ў любы iншы вечар. З удзячнасцю прыму вашае запрашэнне. Кудой вам iсцi?.. Ну-у... Але, калi не палiчыце за назойлiвасць, я правяду вас да порта? Так будзе прасцей за ўсё. Адтуль вам застанецца абагнуць жыдоўскi квартал, i вы выйдзеце на тыя чароўныя вулачкi, дзе бегаюць трамваi, поўныя кветак i аглушальнай музыкi. На адной з iх - яна называецца Дамрак - ваш гатэль. Не, не, толькi пасля вас, прашу. А я, дарэчы, жыву ў жыдоўскiм квартале - прынамсi, так ён называўся, пакуль яго не падчысцiлi нашыя браты-гiтлераўцы. Вось ужо дзе пашчыравалi! Семдзесят пяць тысяч жыдоў вывезена цi забiта на месцы - як той казаў, чысценька падмялi! Мяне захапляе такая руплiвасць, такая цярплiвая метадычнасць.
