
Што такое суддзя-пакаяльнiк? Ага! Як бачу, я вас заiнтрыгаваў. Але паверце, я зрабiў гэта без нiякага злога намеру i гатовы цяпер жа ўсё растлумачыць. У пэўным сэнсе, гэта нават уваходзiць у мае абавязкi. Але спачатку - некалькi фактаў з майго жыцця, яны дапамогуць вам лепей зразумець мой расказ.
Некалькi год назад я быў адвакатам у Парыжы i, далiбог, даволi вядомым. Я, зразумела, не назваў вам свайго сапраўднага iмя. У мяне была тады спецыялiзацыя: высакародныя справы. Удовы i сiроткi, як гэта называюць, хоць я, напрыклад, не надта разумею - чаму? Бо ёсць такiя хiжыя ўдовы i злачынныя сiроткi, што другiх такiх пашукай. Але досыць мне было ўчуць, што ад падсуднага хоць крыху патыхае ахвярай, як рукавы самi ўзляталi над маёй галавой. Ды як! Божа, гэта была сапраўдная навальнiца! Здавалася, само маё сэрца трапеча ў гэтых рукавах, i багiня правасуддзя спiць са мной у адным ложку. Я ўпэўнены, што вас захапiла б дакладнасць маiх iнтанацый, шчырае хваляванне, пераканаўчасць, iмпэт i стрыманае абурэнне, якiя гучалi ў маiх абарончых прамовах. Прырода не абдзялiла мяне фiзiчна, i высакародныя манеры давалiся мне без намаганняў. Апроч таго, мяне заўсёды падтрымлiвалi два шчырыя пачуццi: задавальненне ад таго, што я змагаюся за справядлiвасць, i iнстынктыўная пагарда да суддзяў наогул. Пагарда гэтая, зрэшты, была, можа быць, не такая ўжо iнстынктыўная. Цяпер я ведаю, што ў яе былi свае падставы. Але збоку яе хутчэй можна было прыняць за падсвядомую страсць. Бо пакуль што, прынамсi, нельга сказаць, што суддзi ўжо непатрэбныя, праўда? I ўсё ж я не мог зразумець, як гэта чалавек можа выбраць сабе прафесiяй такi дзiўны занятак. Я дапускаў гэта, бо бачыў, што такая рэальнасць, але дапускаў не болей, як iснаванне саранчы. З тою рознiцай, што набегi прастакрылых не прыносiлi мне нi шэлега, а спрэчкi з пагарджанымi мною людзьмi дазвалялi зарабiць на хлеб.
