
Але я зноў даю сабе волю, бачыце - зноў пачынаю абараняць. Ужо прабачце, калi ласка. Што зробiш, прывычка, васпане, прызванне! I апроч таго, мне вельмi хочацца растлумачыць вам, у чым дух гэтага горада, у чым сутнасць рэчаў наогул! Бо гэтая сутнасць - тут, вакол нас. Вы заўважылi, што канцэнтрычныя каналы ў Амстэрдаме нагадваюць колы пекла? Буржуазнага пекла, вядома, населенага кепскiмi снамi. Калi падыходзiш да яго звонку i пачынаеш праходзiць колы адно за адным, то заўважаеш, як жыццё з яго зладзействамi паступова гусцее, змрачнее на вачах. Тут мы ў апошнiм коле. У коле тых, хто... Га! Дык вы ведаеце? Халера, вас сапраўды не так лёгка класiфiкаваць. Значыць, вы разумееце, чаму я кажу, што менавiта тут сканцэнтравана сутнасць усiх рэчаў, хоць мы на самым ускрайку кантынента. Чуллiвы чалавек разумее такiя дзiвацтвы. Ва ўсякiм выпадку чытачы газет i юрлiўцы не могуць пранiкнуць далей, iм гэта край. Яны сцякаюцца сюды з усiх куткоў Эўропы i спыняюцца на палiнялым пяску вакол гэтага марскога залiва. Яны прыслухоўваюцца да сiрэн, марна iмкнуцца ўбачыць абрысы караблёў у тумане i потым зноў брыдуць уздоўж каналаў, да сябе. Прамоклыя пад дажджом, здранцвелыя ад холаду, яны заходзяць у "Мехiка-Сiцi", каб на ўсiх мовах свету папрасiць шклянку ядлаўцоўкi. Тут я iх i чакаю.
Ну што ж, да заўтрага, мiлы пане i дарагi мой суайчыннiк. Не-не, цяпер вы лёгка знойдзеце дарогу, дазвольце развiтацца каля гэтага моста. Уначы я нiколi не хаджу па мастах. Такi ўжо даў зарок. Уявiце, што некаму раптам узбрыдзе кiнуцца ў ваду! Тут адно з двух: або вы кiдаецеся за iм - а пасля гэтага такой халоднай парой нiчога добрага чакаць не даводзiцца, - або праходзiце мiма, i тады ўспамiн пра ўсплёск над вадой выклiкае ў вас часам нейкую дзiўную ламоту ў спiне. Ну, дабранач! Што? Вас цiкавiць, што гэта там за кабеты за шыбамi? Гэта сон, пане, прыемны сон за невялiчкую ўзнагароду, вандроўка да Iндыi! Гэтыя паненкi пахнуць духмянымi прыправамi ўсходнiх краiн. Вы заходзiце, яны захiнаюць шторы, i плаванне пачынаецца.
