
I ўсё-ткi доўга гэтак быць не магло. Як казаў Жазэф, хутка iх, вiдаць, павязуць назад - у турму: яны i так ужо добра падыхалi свежым паветрам. Харч у лазарэце быў не тое каб выдатны, але ўсё-ткi кожны дзень тут давалi капусту, i мыцца можна было цёплай вадой, а аднойчы была нават бульба. Што ж наконт таго, каб пагутарыць, дык магчымасцей у агульным пакоi дзеля гэтага было ўсё-ткi больш, як у трохмесным склепе ў суседстве з занадта добра выхаваным панам, якi ўвесь час толькi маўчаў, ды яшчэ адным, якi з такою наiўнаю пысай пытаўся ў вас, цi ведаеце вы маёра Гэтага ды цi не чулi пра палкоўнiка Таго... Ах, даражэнькiя ж вы мае!.. А яшчэ ж тут былi прыбiральнi, ды якiя - амаль як дома, з акенцам, праз якое можна пабачыць неба. А ў аперацыйным пакоi, кажуць, - бо самому Жазэфу трапiць туды шчасця не выпадала, - ёсць акно, праз якое вiдаць увесь горад... увесь неабсяжны горад, што распасцiраецца да самага далягляду, перарэзаны напалам ракой; гэты вялiкi горад, пра якi яны марылi, думаючы пра тых, хто там жыў, пра рэчы, што iх чакалi, пра ўсё, што там дзеелася - дзеелася, нягледзячы нi на што, нягледзячы на шэра-зялёных палiцыянтаў, што выходзiлi з кашараў i шпацыравалi па вулiцах, гарлаючы свае хаўтурныя маршы i грукаючы ў такт абцасамi ботаў. Пра ўсiх тых, хто быў там, на волi, пра iх упартасць, адвагу, смеласць.
Часам, уранку, да iх даносiўся глухi грукат далёкага выбуху, i хворыя прыўставалi на ложках, перашэптвалiся: "Ты чуў, га, ты чуў?" Нават вартаўнiкi, што стаялi каля дзвярэй, i тыя аднойчы... Жазэф ужо збiраўся нешта сказаць пра гэта, але "пан" зрабiў знак вачыма. I праўда! Ён зусiм забыўся пра качку.
Добра. Але аднойчы ўранку ў шпiталь заявiлiся бошы - адзiн у цывiльным i два - ва ўнiформе, пры зброi. На дварэ iх чакала машына з шафёрам. Як вы думаеце, што тут было рабiць вартаўнiкам i санiтаркам? Вядома, яны папрасiлi паказаць iм мандат, падпiсаны прэфектам, цi яшчэ нейкую такую паперу, але тыя адно наставiлi на iх рэвальверы ды гыркнулi:
