
- Вось наш мандат!
I цывiльны прамовiў слова "гестапа" так, нiбыта сказаў: "Сезам", - а калi вартаўнiкi пагразiлiся, што затэлефануюць у прэфектуру, гэта яго зусiм не ўразiла. Бошы патрабавалi, каб iм выдалi тры чалавекi, - яны хацелi iх павесцi з сабою. I, не зважаючы на пратэсты, следам за санiтаркай увайшлi ў пакой, дзе ляжалi хворыя.
Няхай апранаюцца, ды каб хутчэй! I калi Жазэф, якога назвалi першага, крыху закорпаўся, салдат адразу паказытаў яго прыкладам па драбах; а Дзюпаншэля - няшчасную качку - падганялi грымакамi ў зад. Але горай за ўсiх было "пану".
- Мэнар, Андрэ, давай, братку, давай.
Ён не мог стаяць на нагах, у яго яшчэ не зажылi раны - яны ведалi гэта. Але фрыцам на ўсё напляваць.
Трэба было пабачыць, як яны за яго ўчапiлiся! Ну ты, варушыся! Хворыя на ложках незадаволена бурчалi. Тады яны наставiлi рэвальверы на хворых, i тыя, вядома, адразу сцiхлi. Гестапавец загадаў двум ва ўнiформе ўзяць Мэнара пад рукi, i - марш! I ўсё пад рулямi рэвальвераў.
"Паганая гiсторыйка..." - думаў сабе Жазэф. Але з якою iронiяй ён глядзеў на бамбiзу. Вось дзе ўжо ўлiпла качка! Гэтыя бошы разбiрацца не будуць: прыб'юць i справе канец. Ён заўважыў, што адна санiтарка, якая, вiдаць, была яшчэ не кончанай сучкай, выцiрала насоўкаю вочы; зрэшты, такое не падабалася нават вартаўнiкам.
Калi яны пераступiлi парог, Жазэф як захлынуўся: перад iмi, унiзе, ад падножжа пагорка распасцiраўся ўвесь горад, залiты промнямi вольнага сонца... Здавалася, ён быў залiты срэбрам, iскрылiся стрэхi, мiж iмi прыгожай звiлiстай сцежкай цякла ўдалеч рака. А там, удалечынi, дымiлi камiнамi заводы, вялiкай зялёнаю плямай вымалёўваўся парк, i белыя абрысы дамоў над даляглядам здавалiся чамусьцi палацамi з чарадзейных казак. Грукаталi трамваi, на вулiцах тоўпiўся люд - быў, вiдаць, поўдзень... Там, унiзе, яны ўсе вольныя! Вольныя!.. Яны не спыняюць сваёй барацьбы!..
