
А яшчэ гэтая саламяная пацяруха, што лiпне да цела, лезе пад адзенне, цэлыя тысячы маленькiх саломiнак, ад якiх немагчыма дый бескарысна абтрасацца... Дзiўна - пакутаваць больш за ўсё праз гэтую пацяруху, калi ўсё цела ў цябе балiць, калi ўсё спiсяжана ранамi. I ў гэтым пачварным брудзе, у гэтым затхлым паветры, якiм немагчыма дыхаць, - кiдацца ў роспач ад нейкай жоўтай крышанкi, ад дробных былiнак, што чапляюцца за адзенне, датыкаюцца да ўсяго сваiм адмысловым, высушлiвым дотыкам - дотыкам турмы.
"Я нiчога iм не сказаў..."
Ён паўтараў гэтыя словы, каб хоць трошкi сябе падбадзёрыць. З распухлай губы цякла кроў. Гэта ўдарыў iнспектар, калi вычарпаў усе аргументы. Языком ён намацваў востры край абламанага зуба, у роце было солана.
"Я нiчога iм не сказаў..."
Калi наглядчык адчыняў дзверы, ён заўжды прамаўляў адно слова, толькi адно, нiбы гаварыў з кiтайцам, ён гыркаў у камеру: "Хлеб", або "Перадача", або "Змоўкнi!.." Таму што часам вязень, апанаваны незразумелым шаленствам, пачынаў раптам калацiць у жалезныя дзверы абодвума кулакамi... Так бывала i з iм - да таго, як яго скумiсавалi... Што б там нi стала, яму трэба было ўбачыць каго-небудзь, няхай нават гэты сшарэлы твар з носам-кiрпою, цi, прынамсi, каго пачуць - хоць бы тое адзiнае слова, што працiскалася з вуснаў наглядчыка, як саламяная пацяруха з сеннiка: "Змоўкнi!.." Цяпер ён быў у наручнiках. Яго справа пагоршылася. "Змоўкнi..."
"Я нiчога iм не сказаў..."
"Перадача" - у яго камеры гэтае слова не прамаўлялася. Яно было не для яго.
"Хлеб..." На падлозе валялася палова акрайца, у мiсе была налiта вада. Але ўсё гэта было даступнае не больш за парашу. Вязень вывернуў шыю i прымерыўся: як дастаць да мiсы, хоць трошкi змачыць сабе вусны, каб не расплёскаць усёй вады. Калi ў час абходу нiхто не зойдзе, давядзецца чакаць свiтання.
