
Гэта быў той змрочны час, калi турма нiбы прачыналася. Сцены пачыналi гаварыць сваёю няўцямнай мовай: глухiя стукi, то хуткiя, то павольныя, самыя размаiтыя спалучэннi кароткiх i доўгiх, гэтую дзiўную азбуку яму трэба было б даўно ведаць. Праз увесь будынак iшла размова, перадавалiся пытаннi, гучалi адказы. Гэты час для яго быў заўжды катаваннем бяссiльнасцю i надзеяй. Ужо сто разоў сусед з камеры побач цярплiва i ўпарта паўтараў заўсёды адзiн сiгнал. Ён спадзяваўся, што нарэшце яму адкажуць. I вось аднойчы вязень пастараўся паўтарыць гэты сiгнал, ён бiў у сцяну галавой. Але сакрэт мовы быў яму невядомы, i размова далей не iшла. Зрэшты, сёння ён быў такi слабы, што не мог нават гэтым сiгналам засведчыць свайго жыцця. Канцэрт, што гучаў з усiх камер, адбiваўся рэхам у яго хворай, распухлай галаве. Няшчасны дарма прыслухоўваўся да перапляцення загадкавых гукаў. Ён не ведаў, чаго б яму хацелася болей: каб усе гэтыя людзi сцiхлi цi, наадварот, - каб iх перастук перарос у аглушальны грукат, ад якога скаланалiся б сцены. Ён нагадваў таго, хто, не ведаючы азбукi Морзе, iмкнецца пачуць у навушнiках сiгналы караблёў, што згубiлiся ў моры. Ён сашчэплiваў зубы, заплюшчваў вочы, але быў няздольны заткнуць вушы. Вiдаць, пачыналася гарачка. Калi яна будзе досыць вялiкая, яго могуць пакласцi ў лазарэт. Але на гэта не трэба надта разлiчваць. Ад такой гарачкi не памiраюць. Звон у вушах. I зноў, i зноў гэты глухi, упарты, настойлiвы перастук. Божа мой, пра што ўсе яны гавораць? Ноч была невыносна задушлiвая. "Я нiчога iм не сказаў... я нiчога iм не сказаў..." Па iм поўзалi мухi, тоўстыя i шумлiвыя. Калi яны прабягалi па карку, вязень перасмыкаўся, як конь у аглоблях. Сверб на жываце было немагчыма больш трываць. Вязень паспрабаваў пачухацца аб матрац, але адно развярэдзiў боль у паяснiцы. Гарачка. "Я нiчога iм не сказаў..." Гэтая магiчная фраза страцiла сваю заспакаяльную сiлу. Ён паўтараў яе механiчна, без нiякай карысцi. "Я нiчога iм..." Пад павекамi паплылi каляровыя плямы, успыхвалi i адразу тухлi, невыразныя абрысы... статак качак у чароце... Сон упаў, як сетка на паляўнiчую здабычу.
