
Усе ўтрох казалi, што iх узялi за палiтыку. Можа, гэта i магло б быць падставай, каб не апасацца адзiн аднаго. Але хто ж яго ведае?
Тым больш што Дзюпаншэль, ледзь не адразу, як яго прывялi, заявiў:
- Я б апошнi свой грош аддаў, каб даведацца, што яны зрабiлi з маёрам Арно.
Калье быў стрэляны верабей: у яго групоўцы ведалi, што маёр Арно, арыштаваны тры тыднi назад, быў акруговым начальнiкам падпольнага войска. Але ён прыкiнуўся дурнем i папрасiў растлумачыць яму ўсё гэта яшчэ раз. Трэцяга вязня, Мэнара, гэтая размова, здаецца, зусiм не цiкавiла, яму ставала клопату са сваiмi пiсягамi. "Чортава качка! Надта проста бярэш!"
Са старэйшым вязнем Калье быў вельмi ласкавы, вельмi ўважлiвы. А даўгалыгi бамбiза, дык той наступаў на ногi, нiбы вочы заплюшчыўшы. Было б няблага даведацца, да якiх арганiзацый яны належаць. Жазэф, нiбыта iндзеец з племенi сiў, самымi дзiвотнымi выкрутамi стараўся вывудзiць хоць маленькую звестку. Але побач была качка. Дый хто яго ведае, можа, i сам Жазэф... Аднойчы ён сказаў:
- Хоць бы хутчэй яны там варушылiся! Прызначылi б свайго адваката, цi што. Сам усё адно цяпер не выбераш...
I якраз назаўтра Дзюпаншэля паклiкаў яго адвакат.
- Ну i шэнцiць табе! - пазайздросцiў Жазэф.
- Ды ну - шэнцiць, - азваўся той. - Я ж таксама не выбiраў.
Пакуль Дзюпаншэля не было, Жазэф паведамiў Мэнару:
- Не такi ён дурны... Так i гэтак - увесь час намякае, што ён, маўляў, з партыi... Думае, я не бачу, што проста ўбiваецца ў ласку...
Мэнар нiчога не адказаў. Ён думаў, што качка хутчэй за ўсё - той даўгалыгi... Але ж i Жазэф... Можа, якраз ён i хоча даведацца... Той як пачуў:
- А я свайго адваката яшчэ нават не бачыў... Мяне дагэтуль трымалi ў адзiночцы.
Што ж, добрая атэстацыя для Жазэфа; лепшай, бадай, i не трэба.
Праз чатыры цi пяць дзён бамбiза - качка ён быў цi не качка - раптам захварэў. Гэтыя здаравякi ўсе толькi з выгляду здаюцца асiлкамi, а так, як зiрнеш - далiбог, нейкiя недалужныя! Рэжым у тутэйшай установе, трэба думаць, зусiм яму не падыходзiў. Небараку так скруцiла жывот, што ўвесь час ён толькi i сядзеў на парашы. Ужо Жазэф яму гэтага не спускаў. Дый як жыць у турме без жартаў.
