
З медычнага агляду, якi рабiўся кожныя тры днi (бо ў турме хоць i было ўсяго тысяча дзвесце вязняў, але з iх добрая тысяча - хворыя), Дзюпаншэль вярнуўся не ў гуморы. Ён асмелiўся расказаць доктару пра Мэнара, якi сам не мог пайсцi на агляд, але той адказаў, што не збiраецца турбавацца iндывiдуальна пра кожнага вязня, з якiм абышлiся не надта ласкава, - iначай гэтаму канца не будзе.
Жазэф накутаваў ад каросты; ад такой задушлiвай спёкi i нястачы паветра ў цеснай смярдзючай камеры нярэдка здаралася, што ўранку некаму з iх рабiлася блага.
Аднойчы, калi Дзюпаншэль зноў быў у свайго адваката, Жазэф заявiў, што той, хто са скуры вылузваецца, каб нешта даказаць, якраз нiчога i не дакажа. Нашто ўсё гэтае ўпартае дбанне? Каб прыцягнуць да iх увагу? Дзеля чаго? Адвакаты, лекары... усе гэтыя шпегi! Тое самае ён паўтарыў i качцы, калi той, вельмi горды за сябе, паведамiў, што яму ўдалося зацiкавiць абаронцу сваiм лёсам i агiдным рэжымам у турме.
- Абаронцу! Мо ў цябе якой клёпкi няма? Чаму ж ты, калi з iм гаворыш, не называеш яго сваёй мамкай?
Г-эх! Каб можна было мець перадачу! Усе думкi былi пра яе, чаго б толькi яны не аддалi хоць за самую малую крышку тытуню! У першыя днi пасля арышту Мэнару яшчэ паспелi зрабiць адну перадачу, але гэта было так даўно.
- Мы ж маем на гэта права! - казаў Дзюпаншэль.
- Слухай, не смяшы ты мяне са сваiмi правамi, - не стрымаўся Жазэф. - Маем права, не маем права... Калi яны перадаюць табе пасылку, ты iм павiнен падзякаваць, i справе канец!
Яны прагнулi перадачы, прагнулi тытуню. А бачылi адно саламяную пацяруху з турэмных сеннiкоў.
