
Калi аднойчы ў незвычайны час дзверы ў камеру адчынiлiся i ўвайшоў наглядчык, не кiрпаты, а iншы, з жоўтым, як рэпа, тварам - iнспекцыя! - а за iм нейкi худы i доўгi, як палка, тып, што без дай прычыны чухаў свой нос, нiчога добрага яны ад гэтага не чакалi. I тым больш было дзiўна, калi гэты здаравяк раптам узлаваўся, прычым невядома на каго, i наглядчыку гэта было зразумела не болей за iншых. Ён узяў Жазэфа за руку i пачаў рассоўваць яму пальцы:
- Ды ў гэтага тыпа кароста!.. I ў гэтага таксама...
Зусiм збiты з панталыку Дзюпаншэль казаў, што ў яго балiць жывот.
- А я вам кажу, што ў вас кароста!
Добра, добра. Няхай будзе кароста, калi яму так падабаецца. Зганяючы мух, доктар - а гэта ж быў доктар! - схiлiўся над трэцiм вязнем.
- Ганьба! - сказаў ён. - Ганьба!
Ён гаварыў гэтае слова крыху незвычайна, вымаўляючы "г" адначасова i выбухова i мякка: "К-ханьба".
Гэта асаблiва ўразiла Жазэфа. Наглядчык спрабаваў быў растлумачыць, што ўсё гэта - праз гэтых вашывых нягоднiкаў: iх проста немагчыма прымусiць як след прыбiраць у камеры...
О-го-го! Ну ўжо i даў ён дыхту гэтай паранай рэпе!
- Змоўкнiце! К-ханьба! Каб француз так абыходзiўся з французамi!
Яго гнеўны голас аддаляўся па калiдоры. А Жазэф у камеры ўжо цвялiўся:
- К-ханьба! К-ханьба!
Тым часам у той жа дзень усiх трох вязняў перавезлi пад вартай у дрыготкай закрытай машыне ў шпiталь на ўзгорку, дзе быў арганiзаваны спецыяльны лазарэт, бо ў турэмным i так ужо не было дзе павярнуцца. Дзiўнае пачуццё - ехаць з турмы ў лазарэт праз увесь гэты неспакойны i насцярожаны горад, дзе яны жылi некалi вольна, удзельнiчалi ў барацьбе, што iдзе i цяпер - без iх.
Раней гэта была прыватная клiнiка, не надта сучасная - з вялiкiмi пакоямi, невысокiмi столямi. Да вайны ў ёй лячылi рабочых з суседнiх заводаў i фабрык: сацыяльнае забеспячэнне, як гэта ў iх называлася... Цяпер, калi шпiталь зрабiўся часткай турмы, у iм дзiўна перамяшалiся медычны персанал i турэмная варта. Па начах тут заўжды гарэлi блакiтныя лямпачкi, i хворыя прачыналiся, адно каб зiрнуць на iх кволы бляск пасля непрагляднай турэмнай цемры.
