- Рабiце, як я, - параiў яму Фабер. -Я перавёў усё, што маю, у фунты стэрлiнгаў... Самая цвёрдая валюта.

Калi мне давялося бачыць iх iзноў гады праз тры цi чатыры, абодва былi збянтэжаныя i разгубленыя. Бурдак паслухаўся Фабера; але тут праз некаторы час Пуанкарэ падняў франк, а фунты стэрлiнгаў пакацiлiся ўнiз. Цяпер Бурдаку не давала спакою думка, як ухаваць свае прыбыткi ад падаткаў, якiя няўхiльна раслi.

- Вы - дзiця, - навучаў яго Фабер. - Рабiце, як я... Адзiная i самая надзейная валюта - гэта золата... Каб вы ў 1918-м купiлi залатыя злiткi, нiхто б не бачыў вашых прыбыткаў, вы б не плацiлi падаткаў i сёння разбагацелi б яшчэ больш... Памяняйце на золата ўсё, што ў вас ёсць, i будзеце жыць, як у бога за пазухай.

Бурдак паслухаўся. Ён i яго жонка накупiлi золата, дасталi адмысловы куфар i цешылiся тым, што час ад часу, прачынiўшы дзверы ў запаветны куток, малiлiся на свайго iдала. Потым гадоў дзесяць яны мне не пападалiся на вочы. Нейк раз у 1937 годзе я iх сустрэў у гандляра карцiнамi ў прадмесцi Сэнт-Анарэ. Ён галантны i сумны, яна - рухавая i наiўная, маленькая акуратная бабулька, у чорным шаўковым плаццi з карункавым жабо.

- Вы - мастак, паважаны пане, - звярнуўся ён да мяне, - скажыце, калi ласка, цi можна спадзявацца, што падаражэюць iмпрэсiянiсты?.. Вы часам не чулi?.. Мне кажуць, што напэўна, але ж яны i так у цане, не дакупiшся... Трэба было запасацца iмi ў пачатку стагоддзя... Мабыць, самае iдэальнае - дазнацца, якая новая школа заменiць iх, каб набыць карцiны зараней, пакуль яны не ўвайшлi ў моду. Але, на жаль, нiхто не дае гарантый... Што за эпоха!.. Нават эксперты нiчога не ведаюць! Вы проста не паверыце! Я iх пытаю: "Што цяпер найбольш у хаду?" Яны вагаюцца, дарагi мой, блытаюцца. Адны кажуць - Утрыло, другiя - Пiкасо... Але ж гэта ўсiм вядома.



2 из 9