- Ну, а як ваша золата? - запытаў я.

- Яно пры мне... пры мне... Дабавiлася яшчэ некалькi злiткаў... Але ж урад мае намер рэквiзаваць золата, ачысцiць прыватныя сейфы... Гэта жахлiва!.. Вы мне скажаце: самае разумнае - пераправiць усё за мяжу. Правiльна, дарагi мой, правiльна... Але куды? Брытанскi ўрад такi ж цвердалобы, як i наш, Галандыя i Швайцарыя - прахадны двор у выпадку вайны... Застаюцца Злучаныя Штаты... Але ж там пры Рузвельце сам даляр... Ну, i туды трэба ехаць жыць, каб не рызыкаваць, што калi-небудзь нам перакрыюць дарогу да нашай маёмасцi.

Не памятаю, што я тады адказаў. Ва мне падымалася злосць на гэтых старых, што, як смала, чаплялiся за свой скарб у той час, як развальвалася цывiлiзацыя. Выходзячы з галерэi, я развiтаўся з iмi i назiраў, як яны асцярожна ступалi дробнымi крокамi, абое ў чорным, карэктныя i непрыемныя.

I вось iзноў я сустракаю iх на Лексiнгтон-авеню ў рэстаране "Залатая змяя". Што яны рабiлi ў час вайны? Якiм чынам трапiлi ў Ню-Ёрк? Мне цiкава было даведацца пра гэта I, калi Бурдак устаў, я падышоў да яго i назваў сябе.

- А як жа, як жа!.. Вельмi добра помню, - ажывiўся ён. - Якое шчасце пабачыць вас iзноў, дарагi мой пане! Спадзяюся, вы не адмовiцеся зрабiць нам гонар i прыйсцi да нас на шклянку чаю ў гатэль "Дэльмонiка". Мая жонка будзе так рада... Жыццё ў нас аднастайнае, ангельскай мовы мы не ведаем, нi я, нi яна...

- I вы пражываеце ў Амерыцы пастаянна?

- Iначай нельга. Я вам усё растлумачу. Прыходзьце заўтра а пятай гадзiне.

Я прыняў запрашэнне i з'явiўся ў вызначаны тэрмiн. Панi Бурдак была ў тым самым чорным шаўковым плаццi з карункавым жабо, што i ў 1937 годзе, i ў жамчужным калье. Яна мне здалася занадта змрочнай.

- Мне так нудна! - паскардзiлася яна. - У нас усяго два пакоi, нiякiх сяброў... Ах! Нiколi я не думала, што давядзецца канчаць свой век у выгнаннi.



3 из 9